Уладзімір Самсонаў – чэмпіён Бельгіі!



Легендарны беларускі майстар настольнага тэнісу Уладзімір Самсонаў выйграў свой чарговы тытул у кар’еры. Ён перамог у фінале адкрытага чэмпіянату Бельгіі, які праходзіў у горадзе Дэ Гаан. У паўфінале Самсонаў упэўнена разабраўся з партугальцам Ціагу Апалонія (23-я ракетка свету) – 4-0 (11-6,11-8,11-3,11-3). А ў вырашальным паядынку, нягледзечы на прайграны першы сет, далей не пакінуў шанцаў прадстаўніку Швецыі Сайману Арвідсану – 4-1 (8-11, 11-5, 11-9, 11-9, 11-6). Варта дадаць, што адзін з асноўных фаварытаў турніру – прадстаўнік Германіі Дзмітрый Аўчароў сенсацыйна прайграў у трэцім крузе рэпрэзентанту Італіі Няголу Стаянаву – 3-4.

Дзень 13 верасня – асабліва шчаслівы для Самсонава – у 1998-ым ён выйграў у гэты дзень прэстыжны Кубак Еўропы.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сайту bttf.by