Двое беларусаў-дабравольцаў АТА шукаюць прытулку ў Польшчы (абноўлена)
На мінулым тыдні двое беларусаў, былых добраахвотнікаў Антытэрарыстычнай аперацыі (АТА) ва Украіне, вядомых пад пазыўнымі «Ляснік» і «Док» , нелегальна перасеклі польскую дзяржаўную мяжу ў надзеі атрымаць у Польшчы статус бежанца. Яны лічаць гэта сваёй апошняй надзеяй, бо Украіна не дае ім грамадзянства ці іншы статус, а вяртацца ў Беларусь яны лічаць небяспечным для сябе.
Беларусы былі затрыманыя польскімі ўладамі і часова знаходзяцца ў спецыяльным асяродку ў Пшемыслі. Яны звярнуліся да земляка Змітра Гуніча па падтрымку.
РР: Вы маглі б расказаць пра сітуацыю: што з імі здарылася, чаму яны тут апынуліся?
Зміцер Гуніч: Сітуацыя простая, і на жаль яна цяпер практыкуецца міграцыйнымі службамі Украіны. Хлопцы ваявалі ў розных батальёнах, недзе яны перасякаліся на фронце, ваявалі разам. Пакуль што не магу назваць іх імёнаў. Потым, калі пайшлі на «ратацыю», яны пачалі задумвацца над сваім лёсам, бо ведалі, што ў Беларусі іх чакае турма.
РР: Скажыце, яны былі вымушаныя скончыць службу ці яны самі схацелі скончыць ваяваць?
— Там пачалася такая практыка вываду добраахвотніцкіх батальёнаў, а як замежнікі яны не маглі служыць у ВСУ (Узброеных Сілах Украіны). Ну і яны апынуліся, так сказаць, «не у дел», не пры справах.
Я лічу, што цяпер гэта такая тэндэнцыя ўкраінскага кіраўніцтва наогул ніякім замежнікам не даваць ніякага статусу.
РР: Нейкі фармальны адказ быў?
— Канешне, усё было па агульнаграмадзянскай працэдуры, былі адмовы.
РР: Ім было сказана, што яны могуць вярнуцца ў Беларусь?
— Так. І ў гэтым няма ніякай пагрозы для іх.
РР: Чаму яны прынялі рашэнне менавіта паехаць у Польшчу?
— Ну калі яны ехалі ў Польшчу, гэта была рызыка, яны не ведалі, што іх чакае. Яны не ведалі, як адрэагуе польскі бок. Яны знаходзяцца ў Пшэмыслі, гэта 12 кіламетраў ад Украіны, там турма Стражы Гранічнай.
РР: Ці вядома, у якіх умовах яны знаходзяцца?
— Нічога не вядома.
РР: З імі ўсё добра?
— Ну, па тых каналах, якія ў мяне ёсць, я маю інфармацыю, што так, усё ў парадку.
РР: Я так разумею, вы выйшлі на сувязь с прадстаўнікамі польскіх уладаў?
— Выйшлі на дарадцу міністра замежных спраў. Ён сказаў, што патрэбнае пацверджанне камбата пра удзел ў баявых дзеяннях. У той час, калі яны былі ў Данбасе, то Мікола Якубовіч быў у палоне ў ДНРаўцаў, улада ў батальёне «Данбас» перайшла да Сямёна Сяменчанкі. А Мікола стаяў у вытокаў гэтага батальёну.
РР: То бок у дадзены момант вам патрэбна атрымліваць нейкую даведку ад Сяменчанкі?
—Так.
І ў мяне вялікая просьба да ўсёй беларускай грамадскасці, да незалежных СМІ і да палітыкаў: звярнуцца ва ўсе магчымыя інстанцыі, каб гэтым людзям дапамаглі, бо яны рэальна ваявалі за Украіну, адначасова яны ваявалі за Беларусь, за незалежнасць нашай краіны.
Зміцер Гуніч дадае, што беларускія ўлады пераследуюць удзельнікаў Майдану і АТА, а ва Украіне яны знаходзяцца выключна на часовых гарантыях асабіста міністра ўнутраных спраў Авакава, але гэты стан вельмі няпэўны.
Гутарыў Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя