VII міжнародная канферэнцыя “Прыроднае асяроддзе Палесся”



Клімат на Палессі павольна, але паслядоўна, зменьваецца, становіцца больш паўднёвым і ўжо адпавядае кіеўскай кліматычнай зоне. Пра гэта казалі беларускія, польскія ды ўкраінскія навукоўцы на VII міжнароднай канферэнцыі “Прыроднае асяроддзе Палесся: перспектывы і асаблівасці развіцця”. Мерапрыемства адбылося на Берасцейшчыне.

Абмяркоўваліся сацыяльна-эканамічныя, экалагічныя і дэмаграфічныя праблемы Палесся. Асаблівая ўвага надавалася пытанням рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў і меліяраваных земляў.

Даследчыкаў заўжды вабіў Палескі край, зазначыў навуковы супрацоўнік Інстытута меліярацыі Беларусі Анатоль Меяроўскі:

– Палессе ў Беларусі было першым рэгіёнам, якое прыцягнула ўвагу навуковай грамадскасці і якое пацягнула за сабой цэлы шэраг буйных гаспадарчых рашэнняў па асваенні гэтага ўнікальнага края. У гэтай канферэнцыі мяне прываблівае яе комплекснасць і накіраванасць на развіццё самых розных кірункаў.

Украінскія навукоўцы выказалі хваляванне за радыяцыйную сітуацыю. Па іх назіранням, Чарнобыльская трагедыя працягвае адбівацца на Палескім рэгіёне.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота aquaby.by