Які лёс чакае апазіцыю пасля выбараў?
Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі распавядае пра тое, у якім выглядзе можа існаваць беларуская апазіцыя пасля заканчэння парламенцкай кампаніі.
Фота bymedia.net
Калі падчас выбарчай кампаніі апазіцыйныя прадстаўнікі больш-менш на слыху, то ці не знікнуць яны з палітычнага поля пасля выбараў? Напрыклад, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка лічыць, што ў выпадку прызнання Еўропай выбараў, роля апазіцыі ў Беларусі яшчэ больш зменшыцца.
Лявон Баршчэўскі: На мой погляд, пасля выбараў апазіцыя застанецца ў тым жа стане, што і зараз. Апазіцыйная дзейнасць патрабуе выразнай праграмы, а не жыццё “ад кампаніі да кампаніі”, каб некаму прадэманстраваць, што мы ёсць. На жаль, у апошнія гады менавіта такога падыходу і прытрымліваецца апазіцыя. Я разумею, што гэта трохі змушана так атрымоўваецца, але маем тое, што маем. І зараз варта чакаць чарговы рапарт, што выбары – непразрыстыя, але ж пра гэта і так усе даўно ведаюць. Таму ўсё пойдзе па чарговаму колу.
РР: Некаторыя прагназуюць, што пасля парламенцкай кампаніі роля беларускай апазіцыі яшчэ больш зменшыцца, калі Захад прызнае выбары…
Лявон Баршчэўскі: Не думаю, што будзе нейкае глабальнае прызнанне. Міжнародныя назіральнікі могуць адзначыць, што па некаторых пунктах ёсць прагрэс, але ўжо сёняшнія ацэнкі сведчаць пра тое, што ніякага радыкальнага перагляду пазіцыі Захадам не будзе. Недарма ж прадстаўнікі ЦВК ужо заяўляюць, што немагчыма выканаць усе рэкамендацыі АБСЕ па выбарах. Значыцца, рыхтуецца самаапраўданне.
РР: Ці можа ў краіне з’явіцца так званая “кіруемая апазіцыя”?
Лявон Баршчэўскі: Тэарэтычна такое магчыма, але ці патрэбна яна ўладзе? Паколькі ўсё пад кантролем, навошта плаціць яшчэ і апазіцыянерам за месцы ў парламенце? Такой патрэбы няма, лепш заплаціць сваім. А Захад улады не падмануць, нават калі прапусцяць некалькі больш-менш дэмакратычных кандыдатаў у орган, які, да слова, нічога і не вырашае.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя