Шэсце ў гонар 25-й гадавіны абвяшчэння Незалежнасці



25-га жніўня Малады Фронт плануе правесці вулічнае шэсце і літаратурныя чытанні. Акцыя прымеркавана да 25-й гадавіны надання Дэкларацыі аб Незалежнасці Беларусі канстытуцыйнага статуса. Актывісты заклікаюць прайсці ўрачыстым шэсцем ад сквера Янкі Купалы да Плошчы Незалежнасці. “Гэтай акцыяй мы пашыраем вулічную актыўнасць,” – гаворыць лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч:

– Безумоўна, гэта вялікі дзень  у нашай гісторыі. Многія яго лічаць Днём незалежнасці Беларусі. Мы вырашылі правесці святочнае шэсце, мы назвалі гэтую акцыю  “Ад помніка Янку Купалу да Плошчы Незалежнасці”. Гэта сімвалічныя месцы ў нашай краіне.

“Бо без асобы Купалы цяжка ўявіць сучасную і незалежную гісторыю Беларусі,” – дадаў Зміцер Дашкевіч. Побач з помнікам народнаму паэту Беларусі адбудуцца святочныя літаратурныя чытанні з прызамі. Пачатак шэсця абвешчаны на 18-ю гадзіну 25-га жніўня. Збор плануецца правесьці каля помніка Янку Купалу ў аднайменным скверы.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск