Возера Атолава – рай на Ушаччыне
Атолава не самае знакамітае возера на Ушаччыне. Хіба што найбольш вядомыя Чарсцвяты і Вечалле. Але гэта той куточак Беларусі, дзе яшчэ захавался аўтэнтыка беларускага жыцця ў глыбінцы.
Тут няма вялікіх дачных кааператываў, няма санаторыяў і турыстычных базаў, няма ўжо і некаторых вёсак, якія раней месціліся вакол возера, – засталіся лічаныя хаты. Тут сапраўдны рай для ціхага, рамантычнага адпачынку.
Само возера мае выцягнутую форму з некалькімі плёсамі і цягнецца амаль на дзесяць кіламетраў. Таму берагавая лінія досыць працяглая – 38,8 кіламетра.
І гэта цэлы свет – звярыны, птушыны, рыбін. У возеры, акрамя традыцыйнай беларускай азёрнай рыбы, водзяцца вугры.
Яшчэ адна асаблівасць возера – яно мае 7 выспаў, агульная плошча якіх складае 0,3 км² (плошча найбольшага з іх – 16 гектараў).
І таму ніякага дзіва няма, што праз возера працякае рака Дзіва.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара