Гародня, а таксама Гожскі, Сапоцкінскі ды іншыя сельсаветы – ў бязвізавай зоне



Нацыянальны прававы партал Беларусі апублікаваў тэкст указа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 жніўня 2016 г. №318“ Аб устанаўленні бязвізавага парадка ўезду і выезду замежных грамадзян”.

001492_798892

 

У мэтах далейшага развіцця трансгранічнага турызма ўказ устанаўлівае бязвізавы парадак уезду і выезду на тэрыторыю Беларусі і часовага знаходжання ў турыстычных мэтах на тэрмін да пяці сутак у спецыяльным турысцка-рэкрэацыйным парку „Аўгустоўскі канал” і прылеглых да яго тэрыторыях. Такі парадак прадугледжаны для замежных грамадзян, якія перасякаюць дзяржаўную граніцу Беларусі з Польшчай цераз пункты пропуску „Лясная” („Рудаўка”) і „Брузгі” („Кузніца Беластоцкая”), з Літвой цераз пункты пропуску „Прывалка” („Швяндубрэ”) і „Прывалка” („Райгардас”).

Пад тэрыторыямі, якія прылягаюць да спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку „Аўгустоўскі канал” разумеюцца тэрыторыі г.Гародня, Адэльскага, Гожскага, Капцёўскага, Падлабенскага і Сапоцкінскага сельсаветаў Гарадзенскага раёна. 

Падставай для бязвізавага ўезду і часовага знаходжання на тэрыторыі „Аўгустоўскі канал”, у тым ліку ў межах пагранічнай зоны і пагранічнай паласы, з’яўляюцца дакументы, якія даюць замежным грамадзянам права на наведванне парка “Аўгустоўскі канал”.

Пры гэтым замежны грамадзянін у пункце пропуску абавязаны прад’явіць сапраўдны дакумент для выезду за граніцу (напрыклад, пашпарт) і дакумент, які дае яму права на індывідуальнае або групавое наведванне парка “Аўгустоўскі канал”.

Указам даручана Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у двухмесячны тэрмін распрацаваць і зацвердзіць формы дакументаў, якія даюць замежным грамадзянам права на індывідуальнае або групавое наведванне парка “Аўгустоўскі канал” пры бязвізавым парадку ўезду, вызначыць парадак наведвання замежнымі грамадзянамі парка “Аўгустоўскі канал” і прыняць іншыя меры рэалізацыі Указа.

Палажэнні Указа аб бязвізавым парадку ўезду набудуць моц праз два месяцы пасля афіцыйнага апублікавання Указа.

Указ дзейнічае да 31 снежня 2017 года, з магчымасцю яго далейшага падаўжэння.

Як кажа кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэту Беларусі Аляксандр Цішчанка, памежнікі чакаюць прыняцця дакументаў, якія і будуць вызначаць парадак бязвізавага руху:

– Будуць дапрацаваныя ўсе дакументы, пастановы, якія будуць дакладна вызначаць каму што рабіць, як прапускаць, як кантраляваць, як забяспечыць гэтыя ўмовы. Досвед ёсць і чэмпіянату свету, таксама ж быў бязвізавы ўезд, і Белавежскай пушчы, таму досвед станоўчы, пазітыўны.

Бязвізавы рух у раёне Аўгустоўскага канала мае ўступіць у дзеянне праз два месяцы пасля афіцыйнага апублікавання ўказа.

Беларускае Радыё Рацыя.