Не падабаецца дадатковая праца – звальняйся



“Нам патрэбныя здаровыя людзі, а калі што не падабаецца, дык звальняйся”, – сказалі ў Глыбоцкай ЖКГ рабочай, якая, працуючы там, стала інвалідам. Зараз жанчыне пагражаюць скарачэннем за тое, што яна адмаўляецца выконваць дадатковую працу – ездзіць у калгасы, працаваць на гарадскім сметніку і іншую, не прадугледжаную службовай інструкцыяй. Па словах рабочай, калі яна ўладкоўвалася на працу, у кола яе абавязкаў гэтыя віды працы не ўваходзілі, тым больш зараз ёй па стане здароўя цяжка іх выконваць.

– Паколькі ў мяне праблема са зрокам і бранхіт, я не магу працаваць на вуліцы, марозам, на ветры. Я ўладкоўвалася прыбіраць пад’езды, я выконваю гэтую працу. Я працую, таму што мне праца патрэбна, але ў выніку я стала інвалідам. Вось калі я стала інвалідам па зроку, мне Філіпенка прынёс пастанову, што я буду звольнена.

Жанчына кажа, што яе перавялі з працоўнай дамовы на кантракт і зменшылі заробак на 1 мільён, зараз яна атрымоўвае адзін мільён чатырыста рублёў. Такімі дзеяннямі кіраўніцтва ЖКГ прымушае яе звольніцца самой. Як жыць на такі заробак, выплочваючы камунальныя паслугі, крэдыт і навучаць дачку, яна не ведае. “А працу знайсці ў невялікім гарадку вельмі складана”, – падкрэслівае. У сваю чаргу Віктар Філіпенка, пад кіраўніцтвам якога працуе жанчына, запэўнівае, што пакуль звальняць яе ніхто не збіраецца, але ў кіраўніцтва да жанчыны прэтэнзіі ёсць.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя