Тэлеканал Белсат цяпер можна глядзець у інтэрнэце 20 гадзін у суткі



Ад сёння эфір тэлеканала Белсат можна цалкам глядзець праз інтэрнэт. Беларускі незалежны тэлеканал пашырыў інтэрнэт-вяшчанне з чатырох да 20-ці гадзін у суткі і дапасаваў наладкі старонкі такім чынам, каб існавала магчымасць праглядаць сайт на мабільных прыладах. Акрамя таго сёння ж стартавала і расейскамоўная версія сайта belsat.eu, кажа кіраўнік інтэрнэт-рэдакцыі тэлеканала Белсат Вольга Швед:

– Гэта мы робім перадусім не для беларусаў, а для замежнікаў. Таму што наш сайт вельмі часта адведваюць замежнікі. Па статыстыцы, шмат расейцаў і ўкраінцаў. Прапаганда беларускай мовы ўсё роўна будзе ў выпадку расейскай версіі, таму што мы не ўстане перакладаць усю прадукцыю відэа. І калі вы ўважліва паглядзіце, то вы заўважыце, што ў нас ёсць адмысловы гузік – зварот да беларусаў, каб яны ўсё ж такі чыталі гэта па-беларуску.

Беларускі незалежны тэлеканал Белсат пачаў вяшчанне ў 2007 годзе. Дагэтуль журналісты тэлеканала не могуць атрымаць акрэдытацыі беларускага МЗС для легальнай працы на тэрыторыі Беларусі.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя