Яраслаў Чарназуб: У саступцы Парашэнкі ёсць кепскі і добры складнік



Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўнёс на ратыфікацыю Вярхоўнай Радай Дамову аб асацыяцыі Украіны з Еўрапейскім звязам. Чакаецца, што ўкраінскія парламентары ратыфікуюць дакумент на сваім заўтрашнім паседжанні. У сваю чаргу рэжым вольнага гандлю між Украінай і Еўразвязам уступіць у сілу толькі 1-га студзеня 2016 года. Пра гэта дамовіліся ў канцы мінулага тыдня ў Бруселі. Такое рашэнне з’яўляецца прамой саступкай Расеі – адзначыў у нашым эфіры ўкраінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб.

– Сёння дыпламатычнай мовай нам распавядаюць і прыхоўваюць усю таемную дамову паміж Пуціным і Парашэнкам. Ці кепска гэта, ці добра? Кепска. І добра з другога боку. Кепска, што гэта затрымлівае наш рух у еўрапейскім кірунку. З другога боку добра, што паменшылася кровапраліццё.

Расея неаднаразова выступала супраць падпісання Украінай дамовы аб асацыяцыі з Еўразвязам. Баючыся страціць некалькі мільярдаў прыбытку ад гандлю. Адначасова з пераносам пачатку дзеяння зоны свабоднага гандлю Еўразвяз працягнуў аднабаковыя гандлёвыя прэферэнцыі для ўкраінскіх тавараў у выглядзе бязмытнага доступу тавараў на еўрапейскія рынкі. Пры гэтым Украіна па-ранейшаму будзе спаганяць мытныя пошліны з еўрапейскіх тавараў, якія будуць пастаўляцца на ўкраінскі рынак.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя