Парламенцкія выбары ва Украіне: заключная фаза



Сёння апошні дзень падачы партыйных спісаў на выбарах ва ўкраінскую Вярхоўную Раду. Датэрміновыя выбары ва ўкраінскі парламент пройдуць па старой змешанай сістэме, палова з чатырох з паловай сотні дэпутатаў будуць абірацца паводле партыйных спісаў, астатнія будуць абірацца па аднамандатных акругах. У сарака чатырох такіх акругах, якія знаходзяцца ў акупаваным Крыме і частцы Данбасу, выбары не будуць праводзіцца. Асаблівасцю спісаў, з якімі партыі ідуць на выбары, з’яўляецца прысутнасць амаль у кожным з іх вайскоўцаў з батальёнаў, якія ўдзельнічаюць у Антытэрарыстычнай аперацыі на Усходзе Украіны, кажа украінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб:

– Ёсць такая надзея, ад многіх людзей чуў такую думку, што ўсе тыя камбаты, тыя ўсе журналісты, усе тыя людзі нібыта аб’яднаюцца ў Вярхоўнай Радзе. Для мяне такія думкі – як крык апошняй надзеі. Я ў гэта не веру. Для мяне прыкладам стаў Святаслаў Вакарчук, які прыйшоў у тое балота, пабачыў тое балота, паклаў свой мандат і пайшоў адтуль, назваўшы рэчы сваімі імёнамі. Як будуць паводзіць сябе іншыя людзі, мне цяжка сказаць.

Датэрміновыя выбары ва ўкраінскую Вярхоўную Раду маюць прайсці 26-га кастрычніка. Ад удзелу ў выбарах адмовілася партыя былога прэзідэнта Віктара Януковіча, Партыя рэгіёнаў. Адной з прычынаў эксперты называюць немагчымасць галасавання на Данбасе і ў Крыме, дзе на папярэдніх выбарах рэгіяналы атрымлівалі больш за 80 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя