Стыхійны лагер чачэнцаў на беларуска-польскай мяжы
Да вечару 30 жніўня стыхійны лагер чачэнцаў апусцеў. Бежанцы так і не дачакаліся прадстаўнікоў польскай дыпламатычнай місіі. Усе яны вярнуліся ў Берасце. Што будзе далей – пакуль невядома.
***
Каля пункту пропуску “Варшаўскі мост” сабраліся выхадцы з Чачні, якія ў большасці ўжо шмат разоў спрабавалі выехаць у польскі Тэрэспаль.
Стыхійны лагер чачэнцаў працягвае сваё існаванне ля памежнага пераходу “Варшаўскі мост”. Людзей у ім крыху паменела і насельнікі лагера тлумачаць, што некаторыя папросту паехалі “спрабаваць” паўторна праехаць чыгункай. “Адзінага, каго хацелася б пачуць, гэта дыпламатычных прадстаўнікоў Польшчы, каб нам патлумачылі, ці прымуць нас і на якіх падставах, а пакуль застаемся тут,” – кажуць чачэнцы:
– Каб не перашкаджаць грамадзянам Беларусі, якія чакаюць цягніка, мы вырашылі вось тут, на палянцы, зрабіць такі “пікнік” на свежым паветры. Вядома, прыцягваем увагу людзей. Столькі чачэнцаў у адным месцы – каго ж гэта не прыцягне.
Вядома, што па стане на поўдзень 30 жніўня з прадстаўнікоў Генеральнага консульства на месца лагера ніхто не прыбываў. Днём раней група чачэнцаў спрабавала прайсці да консула, але там да іх ніхто не выйшаў. Каўказцы кажуць, што, як будуць мець вычарпальную інфармацыю, будуць прымаць тады рашэнне, куды кіравацца далей.
* * *
Некалькі сотняў чачэнцаў разбілі лагер ля памежнага пераходу „Брэст”. Яны намагаюцца атрымаць статус уцекача ў Польшчы, але праз мяжу без візы іх не пускаюць. Чаму менавіта польскі бок павінен разбірацца з ўцекачамі, патлумачыў праваабаронца Раман Кісляк.
– Польскія памежнікі ўсім міжнародным арганізацыям і сваім установам заяўляюць, што да іх не звяртаюцца за прытулкам. Гэта нахабная хлусня. Чачэнцам і грамадзянам іншых краін не гавораць: “З’язджайце, мы вас не прымем”. Канешне не кажуць гэтага, бо не маюць права так сказаць. І таму нейкую надзею даюць ім, прыняўшы 1-2 сям’і. Калі б яны сказалі, што не прымуць, то тыя б паехалі.
Чачэнцы пра польскі бок узгадваюць з непрыязню, кажуць, што там іх абражаюць і здзекуюцца. Праваабаронца кажа, што бачыў гэта і пагаджаецца, што польскія памежнікі робяць працэдуру прыняцця ўцекачоў фарсам:
– Ёсць міжнародная кавенцыя аб статусе бежанца. Яна прадугледжвае, што калі нехта звяртаецца па прытулак, то павінна пачацца працэдура праверкі. У час такой праверкі з чалавекам размаўляюць некалькі гадзін (інтэрв’ю), і цягам гэтага часу высвятляецца, чаму чалавек збег, бяруць адбіткі пальцаў, правяраюцца яго дакументы, гісторыя, чаму ён уцёк. І цяпер польскія ўлады фактычна ў сваёй большасці замяняюць гэтую шматмесячную працэдуру адной хвілінай інтэрв’ю на памежным пераходзе.
Самі уцекачы з часовага лагера ля мяжы кажуць, што грошы ў іх скончыліся, і просяць дапамогі ў кожнай улады: расейскай, беларускай і польскай. Колькі працягнецца змаганне – пакуль невядома.
На памежных пераходах у Берасці дзясяткі грамадзян Расеі чачэнскай нацыянальнасці штодня спрабуюць перакрочыць беларуска-польскую мяжу, каб атрымаць у перспектыве статус уцекача. Большасць з іх робяць спробы ўжо некалькі дзясяткаў разоў, аднак польскія памежнікі іх не прапускаюць. У каментары нашаму радыё прэс-сакратар Галоўнай управы Памежнай службы Польшчы Агнешка Голіяс патлумачыла прычыны адмовы ва ўездзе гэтым грамадзянам Расеі:
– Заўсёды трэба абгрунтаваць мэту свайго ўезду, мець візу, страхоўку, фінансавыя сродкі. Гэта як усюды – ці то мяжа з Расеяй, ці то з Украінай. Шэнгенскі кодэкс аб межах і закон аб замежніках акрэслівае ўмовы ўезду на тэрыторыю Рэспублікі Польшча.
Аднак у выпадку, калі грамадзянін іншай дзяржавы спрабуе трапіць у Польшчу як краіну Еўразвязу з намерам атрымаць міжнародную абарону – віза не патрабуецца. Чаму тады чачэнцаў разварочваюць на мяжы? Адказвае прэс-сакратар Агнешка Голіяс:
– Мы правяраем, ці насамрэч асоба шукае абароны на тэрыторыі Рэспублікі Польшча. І напэўна кожны, каму адмоўлена, атрымлівае дакумент, дзе тлумачыцца прычына адмовы ва ўездзе. Бо гэта адміністрацыйнае рашэнне, таму абавязкова падаецца прычына адмовы.
Аднак прэс-сакратар так і не патлумачыла нашаму радыё, па якіх прынцыпах ідзе праверка асобы датычна яе права на атрыманне міжнароднай абароны. Паводле афіцыйных звестак, за першае паўгоддзе праз мяжу з Беларуссю ў Польшчу ўехала каля 130 тысяч грамадзян Расеі з рознымі мэтамі, амаль 21 700 чалавек пры гэтым атрымалі адмовы ва ўездзе. На мяжы ў Тарэспалі за паўгоддзе колькасць асобаў, якія хадайнічалі пра атрыманне міжнароднай аховы, склала амаль 5 тысяч.
Па словах крыніцы, каля памежнага пераходу таксама знаходзіліся прадстаўнікі спецслужбаў Беларусі, консульства Расейскай Федэрацыі ў Берасці, прадстаўнікі ўладаў сярод якіх экс-дэпутат мясцовага гарсавета Георгій Дарбуашвілі.
Таксама вядома, што чачэнцы дабіраюцца да пераходу на таксоўках. У большасці выпадкаў яны даязджаюць на цягніку толькі да польскай мяжы, дзе іх разварочваюць назад:
– Калі ў іх пытаеш: “Што нам трэба рабіць?”. Яны тлумачаць, што ў нас такая ўстаноўка, то бок ні адмовы, ні прыёму. У колькасных суадносінах бывае па-рознаму, то 900 квіткоў прадалі на чыгуначным вакзале, то 700 чалавек паехала. Розная колькасць людзей бывае, якія штодзённа ездзяць на польскую мяжу. Аднак прапускаюць па 7-10 чалавек.
Чачэнцы ў стыхійным лагеры маюць пашпарты грамадзянаў Расеі, аднак Генеральнае консультсва РФ у Берасці на сітуацыю пакуль афіцыйна не адрэагавала. У самім жа лагеры знаходзіцца ад 100 – да 300 чалавек, якія не маюць намеру вяртацца ў Расею:
– Мы не ад дрэннага жыцця, можна сказаць, прыехалі сюды. Мы нармальна жылі, проста не далі, ёсць такія праблемы, якія мы не будзем афішаваць, бо пакуль яшчэ не ўступілі на тую тэрыторыю, дзе нас могуць прыняць і сказаць: “Вы можаце быць спакойныя. Мы вас абаронім”. Калі мы апынемся там, то мы ўсё скажам.
Чачэнцы хочуць атрымаць у Еўразвязе статус уцекачоў, аднак дзеля гэтага спачатку трэба трапіць у Еўразвяз. У польскім консульстве ў Берасці іх просьбы праігнаравалі, цяпер яны чакаюць прадстаўнікоў сваёй дыяспары з Польшчы і ўпаўнаважанага па правах чалавека ААН.
Нагадаем што Берасце з’яўляецца “канцавой кропкай” для імаверных эмігрантаў з Чачні і Грузіі перад мяжой з ЕЗ, куды яны спрабуюць дабрацца з мэтай атрымання палітычнага прытулку. З-за адсутнасці ў бальшасці з іх візаў, у такім прытулку звычайна каўказцам адмаўляюць. Такіх спробаў трапіць у ЕЗ для тых каму не пашанцавала даходзіць да некалькіх дзясяткаў, увесь гэты час каўказцы жывуць у Берасці.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота Максіма Хлябца