У Менску пачаўся фестываль стрыт-арту



У Менску пачаўся трэці штогадовы фестываль вулічнага мастацтва “Вуліца Brasil”. На час падзеі Кастрычніцкая вуліца ператворыцца ў цэнтр вулічнага мастацтва і бразільскай музыкі. Таксама ў межах “Вуліцы Brasil” амаль два дзясяткі вулічных творцаў з Бразіліі і Беларусі створаць манументальныя працы ў раёне Нямігі і Кастрычніцкай. “Гэты фестываль найперш адметны сваім маштабам сёлета,” – гаворыць арганізатар Міла Котка.

– Гэта не толькі мастакі, але і музыкі. Мы працуем адразу ў некалькіх кірунках. Адзін з нашых накірункаў працягваецца – гэта стрыт-арт. Гэта муралы, якія мы робім. У гэтым годзе іх будзе 10. Далей мы пераходзім на іншыя паверхні. Напрыклад, трамваі. Мы захацелі звярнуць увагу на экалогію, экалагічны від транспарту. Мы паехалі ў дэпо, знайшлі два рэтра-трамваі. Яны і будуць размаляваны.

Таксама будзе праведзены шэраг дабрачынных імпрэз для Жодзінскага інтэрната. Фестываль “Вуліца Brasil” працягнецца да 17 верасня і скончыцца святам вулічнай ежы. На гэты час вуліца Кастрычніцкая ператворыцца выключна ў пешаходную зону.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота facebook.com/vulicabrasil