У Беластоку зменяць назвы 11 вуліц



Згодна з новым законам «Аб забароне прапаганды камунізму», усе вуліцы, назвы якіх звязаныя з сацыялістычнай эпохай, павінны змяніць назву на працягу бліжэйшага года.

DSCF5415

«Гэта была не мясцовая ініцыятыва, а рашэнне Сейма, якому мы абавязаны падпарадкавацца,» — сказаў прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі:

— Дакументаў мяняць не трэба. Мы таксама хочам, каб жыхары маглі выказацца, на вуліцах пад якой назвай яны хацелі б жыць у будучыні. І менавіта такія кансультацыі будуць праводзіцца да 15 лістапада, каб кожны мог выказацца на гэтую тэму. Я, вядома, таксама на гэтай падставе буду рыхтаваць праекты пастановаў.

Найбуйнейшымі вуліцамі, якія падлягаюць перайменаванню, з’яўляюцца вуліцы ім. генерала Бэрлінга і Вінцэнта Жымоўскага.

Сярод патэнцыйных назваў, якія ўжо былі раней прапанаваныя гараджанамі Дэпартаменту геадэзіі, ёсць імёны ксяндза Твардоўскага, Збігнева Рэлігі, а таксама Варшаўскіх паўстанцаў або Джона Толкіна, аўтара «Уладара Пярсцёнкаў».

Жыхары Беластока па-рознаму ўспрымаюць перспектыву змены назваў вуліц.

Бэрлінга, Канапніцкай ці Марыі Складоўскай-Кюры — для мяне абсалютна няма розніцы.

— Шчыра кажучы, паводле мяне, змена назваў вуліц непатрэбная. У нас цяпер столькі вуліц і назваў, што нават я, беластачанка, часам блытаюся.

— Мне здаецца гэта нармальна, бо змены заўсёды да лепшага. І назвы вуліц таксама можна было б змяніць.

Перайменаванні плануецца пачаць рэалізаваць у першым квартале 2017-га года. Згодна з рэкамендацыямі беластоцкага аддзела Інстытута Нацыянальнай Памяці, назвы вуліц Перамогі, Партызанаў і Анелі Кшывань могуць застацца, але пры ўмове, што ўлады горада зменяць змест матывіроўкі, выдаляючы згадкі пра камунізм.

DSCF5424

DSCF5423

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя