Украіна прапануе Польшчы прыняць супольную заяву па гадавіне 17 верасня 1939 года



Старшыня Вярхоўнай Рады Украіны прапануе Польшчы і Літве прыняць супольную заяву па гадавіне 17 верасня 1939 года. Андрэй Парубій наведаў Варшаву з кароткім візітам, каб прыняць удзел у парламенцкай канферэнцыі па пытаннях супрацы ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Ён нагадаў, што ўкраінскі парламент прадставіў некалькі праектаў рэзалюцый, якія павінны быць адказам на заяву польскага парлямента па справе Валынскага злачынства. Ён лічыць, што адна з іх, хутчэй за ўсё, будзе прынятая.

Нагадаем, польскі дакумент прызнае масавыя забойствы палякаў на Валыні генацыдам.

Андрэй Парубій дадаў, што першая супольная заява павінна тычыцца нападзення Савецкага Саюза на Польшчу 17 верасня 1939 года.

„Няма сумненняў у тым, што той жа агрэсар па такіх жа імперскіх прычынах цяпер нападае на Украіну,” – падкрэсліў ён.

Парубiй сустрэўся са спікерам Сейма Марэкам Кухціньскім, якому прадставіў сваю прапанову. Паводле старшыні Вярхоўнай рады Украіны, польскі бок зацікаўлены ідэяй.

Паводле Польскага Радыё