Фінансавая стабілізацыя – за кошт збяднення народа



Стабільнасць курса беларускага рубля, зніжэнне інфляцыі, за якія Нацыянальны банк атрымлівае ўхвалы ад Міжнароднага валютнага фонда, тлумачацца аніяк не рынкавымі метадамі, заявіў Беларускаму Радыё Рацыя эканаміст, кіраўнік Асацыяцыя малога прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін. «Ніякага цуду падчас крызісу мы не бачым, а бачым эканамічны паракдокс, які досыць проста зразумець», – сказаў эксперт.

Рэч у тым, што ніхто не мае грошай, каб набываць замежную валюту: ні ў суб’ектаў гаспадарання, ні ў звычайных грамадзян. Скарачаецца імпарт, скарачаецца гандаль, дзелавы абарот. Тое, што зараз адбываецца, гэта стабілізацыя ў стане галечы.

Дзяржава: Нацбанк, Адміністрацыя Прэзідэнта, урад – паводзіць сябе цынічна ў адносінах да сваіх грамадзянаў, заўважае Сяргей Балыкін.

Яна вырашае свае пытанні, дасягае сваіх эканамічных паказчыкаў за кошт страўнікаў звычайных беларусаў. Бо грошай становіцца ўсё менш. Мабыць, толькі тыя, што набліжаны да дзяржавы, да фінансавых патокаў, маюць грошы.

«Паглядзіце: кошты – растуць, заробкі – не. У рэгіёнах кажуць пра запазычанасць па заробках, ёсць звесткі пра тое, як частку заробку выдаюць нібы праз атаварванне ў мясцовых дзяржаўных крамах. Выдатнае рашэнне: проста выключыць свабодныя грошы з абароту», – іранізуе Сяргей Балыкін.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск