Паліцыя не гатова абнародаваць дэталі расследавання забойства Паўла Шарамета



Украінская паліцыя не гатова абнародаваць дэталі расследавання забойства журналіста Паўла Шарамета. Пра гэта „Украінскай праўдзе” заявіў прэс-сакратар Нацпаліцыі Украіны Яраслаў Тракала.

Павел Шарамет

29 жніўня саветнік кіраўніка МУС Украіны Іван Стойка паведаміў, што найбліжэйшым часам паліцыя абнародуе некаторыя дэталі справы аб забойстве журналіста.

Аднак, як заявіў Тракала, словы саветніка кіраўніка МУС няправільна вытлумачылі.

44-гадовы беларускі журналіст Павел Шарамет, які апошнія пяць гадоў жыў і працаваў ва Украіне, загінуў у Кіеве раніцай 20 ліпеня ў выніку падрыву машыны. Нацыянальная паліцыя Украіны пачала па факце гібелі журналіста крымінальную справу па артыкуле „Наўмыснае забойства”.

Раней кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Хація Дэканаідзэ заявіла пра адсутнасць вялікага прагрэсу ў расследаванні забойства Паўла Шарамета.