„Пуцін – кат Бяслана”. Суды за акцыю
Некалькі маці, чые дзеці загінулі ў Бяслане ў 2004 годзе пры захопе школы расейскім спецназам, які нібыта вызваляў закладнікаў, прысудзілі да грамадскіх працаў за акцыю пратэсту супраць Уладзіміра Пуціна, якую яны зладзілі 1 верасня. Пра гэта паведамляе „Новая газета”.
У 12-ю гадавіну трагічных падзеяў жанчыны зладзілі грамадскую акцыю ў час паніхіды – яны знялі курткі пад якімі апынуліся кашулькі з надпісамі „Путин – палач Беслана” („Пуцін – кат Бяслану”). Жанчын затрымала нават не паліцыя, а маладыя мужчыны ў цывільным.
Суд разглядаў адміністрацыйныя справы да трох гадзін ночы. Тры жанчыны – Святлана Маргіева, Эла Кесаева і Эмілія Бзарава, былі засуджаныя да 20 гадзін грамадскіх працаў, паколькі яны ня могуць аплаціць штраф. Эме Бятрозавай і Жане Цырыхавай прысудзілі штраф – па 20 тысяч расейскіх рублёў, яшчэ адна жанчына, якая не ўдзельнічала ў акцыі, але была побач, таксама была засуджана да прымусовай працы.
Жанчыны плануюць аспрэчыць рашэнне суда, з раніцы яны накіраваліся на эспертнае асведчанне, паколькі пры затрыманні іх траўмавалі.
У час сваёй акцыі жанчыны патрабавалі расследавання трагедыі, заяўляючы пра тое, што ў час вызвалення школы, „калі закладнікі былі ў сярэдзіне будынка, спецыяльныя падраздзяленні вялі суцэльны моцны абстрэл школы, у тым ліку – з агнямётаў і танкаў”.
Напомнім, што 1 верасня 2004 году ў паўночнаасецінскім горадзе Бяслан прыхільнікі Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя захапілі ў закладнікі больш 1200 чалавек – вучняў і настаўнікаў школы. Замест перамоваў у выніку нападу і позняга штурму расейскімі сілавікамі школы загінулі 334 чалавекі, у тым ліку 186 дзяцей. Яшчэ больш 800 чалавек былі параненыя. Многія эксперты і праваабаронцы віну за такі неадэкватны штурм будынку ўскладаюць непасрэдна на Уладзіміра Пуціна. Яны лічаць, што загад аб расстрэле будынку аддаў асабіста Пуцін.
2 ліпеня 2015 году Еўрапейскі суд па правах чалавека прыняў да разгляду іскі сваякоў загінуўшых і пацярпелых. Расейскія ж улады ўсяляк замоўчваюць трагедыю. У самым Бяслане многія жыхары гавораць пра тое, што ўлады стараюцца забыцца пра тыя падзеі і так і не правялі аб’ектыўнага расследавання тагедыі.
Беларускае Радыё Рацыя