Дарыюш Шада-Бажышкоўскі запрашае на канцэрт Ніно Катамадзэ
У Беластоку праходзіць фестываль «Усход Культуры. Іншае вымярэнне». Акрамя музычнага спектакля легендарнага «Народнага альбома», які прагучыць у рамках гэтага фестывалю 4 верасня у Падляшскай оперы і філармоніі, усе гэтыя дні ў Беластоку адбываецца вельмі шмат цікавага ў культурным плане.
У нашай студыі госць Дарыюш Шада-Бажышкоўскі з Таварыства сяброў габрэйскай культуры.
Дарыюш Шада-Бажышкоўскі: Тое, што мы падрыхтавалі на сёлетні фестываль «Усход Культуры. Іншае вымярэнне» не мае габрэйскага кантэксту, але мае, паводле мяне, надзвычайны і выключны кантэкст, а менавіта канцэрт вялікай зоркі, не толькі грузінскай вакалістыкі Ніно Катамадзэ з гуртам «Insight». Пра Ніно можна казаць вельмі доўга. Яна лаўрэатка ўсіх найважнейшых узнагародаў не толькі ў Грузіі, але, што цікава, таксама і ў Расеі. І незалежна ад таго, якія цяпер міждзяржаўныя дачыненні паміж Грузіяй і Расеяй, Ніно Катамадзэ вельмі запатрабаваныя на найлепшых эстрадных сцэнах і ў тэатрах Масквы Пецярбурга і іншых гарадоў Расеі.
РР: Адкуль ідэя, каб запрасіць менавіта яе? Ці лёгка зорку такой велічыні было намовіць да таго, каб яна прыехала ў Беласток?
— Мне пашчасціла весці адзін з некалькіх канцэртаў у час яе адзінага дагэтуль прыезду ў Польшчу. Не скажу, што мы пасябравалі, але я думаю, што гэта вакалістка і музыкі з гурта «Insight» надзвычай энергетычныя, як усе грузіны. Яны адкрытыя і сардэчныя, калі з імі шчыра і адкрыта супрацоўнічаеш. Мяркую, гэта было прычынай таго, што Ніно, калі я з ёй скантактаваўся, адказала, што без праблем. Хоць шчыра кажучы ганарар яна запрасіла значна меншы за той, якія бярэ на канцэртах у Маскве ці ў Пецярбургу.
РР: Нягледзячы на ўсе козыры такога канцэрту, Грузія усё ж далёка і непасрэдных камунікацыйных шляхоў няма, а калі ёсць, дык яны няпростыя. Якія былі найбольшыя цяжкасці?
— У нас было нямала праблемаў, бо як гэта бывае з артыстамі, аказалася, што ў часткі музыкаў не было візаў і нам прыйшлося прасіць дапамогі у амбасады, якой мы сардэчна дзякуем, бо яны зрабілі гэта надзвычай хутка. Яны прылятаюць да нас самалётам. Шмат было праблемаў, але сёння а 23-й я сустракаю іх у аэрапорце, а заўтра, 3 верасня — вялікі канцэрт.
Пераважную большасць песень, калі не ўсе, Ніно спявае па-грузінску і цудоўна тое, што гэты моўны бар’ер не замінае адчуць эмоцыяў і клімату. Яна надзвычай энергетычная спявачка, якая аддае усю сябе і мае цудоўны кантакт з публікай…
Я думаю, што тыя 550 асобаў, якім удасца запрашэнні на канцэрт 3 верасня а 21-й у амфітэатры Падляшскай оперы і філармоніі, сапраўдныя шчасліўцы…
Гутарыў Мікола Ваўранюк
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле: