Акруговая камісія ў Слоніме хоча зняць дэмакратычнага кандыдата ў дэпутаты



2 верасня  2016 акруговая выбарчая камісія Слонімскай выбарчай акругі №58  вынесла папярэджанне кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Івану Шэгу.

Парушэнне, якое выявіла камісія, заключалася ў выкарыстанні яго ініцыятыўнай групай некалькіх плакатаў з яго выявай, надрукаваных за дзяржаўныя грошы ў 2008 годзе падчас выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Камісія палічыла, што гэта было парушэннем артыкула 45 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Па словах Івана Шэгі, падчас гутаркі кандыдата і кіраўніка яго выбарчага штаба са старшынёй камісіі Аленай Мачалінай і яе сакратаром Соф’яй Гурскай стала зразумела, што члены камісіі рыхтуюць яшчэ адно пасяджэнне камісіі, каб вынесці Івану Шэгу і другое папярэджання, што будзе азначаць зняццё кандыдата Івана Шэгі з выбараў. На сённяшні дзень, на думку слонімцаў, дэмакратычныя кандыдаты Іван Шэга і Алесь Масюк лідыруюць у выбарчай гонцы і значна апярэджваюць праўладную кандыдатку Алу Сопікаву, якая вырашыла балатавацца ў дэпутаты другі раз.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім