Улады плануюць новыя пазыкі для выплаты папярэдніх
У 2017 годзе Беларусь можа размясціць чарговы выпуск еўрабондаў на 800 млн долараў. Атрыманыя сродкі ўлады плануюць накіраваць на рэфінансаванне дзярждоўгу.
Паводле папярэдніх ацэнак, у 2017 годзе на выплаты па дзяржаўным доўгу Беларусь павінна будзе накіраваць каля 3,4 млрд долараў ЗША. Валютныя плацяжы па пагашэнні дзярждоўгу складуць прыкладна 2,3 млрд долараў, яшчэ каля 1,1 млрд долараў трэба будзе накіраваць на абслугоўванне дзярждоўгу.
Ажыццяўляць выплаты па дзярждоўгу ўрад мае намер у тым ліку за кошт новых запазычанняў. Акрамя размяшчэння еўрааблігацый на 800 млн долараў, у наступным годзе ўлады плануюць прыцягнуць 700 млн долараў у выглядзе крэдытных рэсурсаў ад Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), а таксама размясціць валютныя аблігацыі на ўнутраным рынку на 360 млн долараў.
Цяпер на выплаты па дзярждоўгу Беларусь накіроўвае таксама паступленнi ад вывазных пошлін на нафтапрадукты. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у 2017 годзе краіна можа атрымаць такіх пошлін каля паўмільярда долараў (пры сусветным кошце нафты 35 долараў за бараль).
Нагадаем, сёлета ўлады планавалі прыцягнуць за кошт нафтавых пошлін больш за 1,1 мільярда долараў. У першым паўгоддзі з-за зніжэння сусветных коштаў на нафту, паводле апублікаваных даных Мінфіна, паступленні беларускага бюджэту ад вывазных пошлін на нафтапрадукты і нафту склалі 770 млн дэнамінаваныя рублёў (33,1% ад запланаванай на год сумы).
Паводле ацэнак ЕАБР, які сёння выступае асноўным крэдыторам Беларусі, нафтавыя даходы краіны найбліжэйшымі гадамі скароцяцца ў сувязі з падатковым манеўрам ў нафтавай галіне Расіі.
„У выніку рэалізацыі падатковай рэформы ў нафтавай галіне Расеі памер экспартнай пошліны, які застаецца ў распараджэнні Беларусі, будзе паступова змяншацца на фоне адначасовага росту імпартных коштаў на расійскую нафту, што будзе прыводзіць да пагаршэння энергабалансу Беларусі, незалежна ад дынамікі коштаў на нафту на сусветным рынку”, — прагназаваў ЕАБР у жніўні бягучага года.
Незалежныя эканамісты мяркуюць, што скарачэнне нафтавых даходаў павялічыць патрэбу дзяржавы ў новых запазычаннях. „Паступленні ад вывазных пошлін на нафтапрадукты Беларусь сёння накіроўвае на пагашэнне даўгоў. Адпаведна, калі даходы ад пошлін скарачаюцца, узрастае патрэба краіны ў новых запазычаннях”, — лічыць дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
Ён нагадаў, што Беларусь вядзе перамовы аб новым крэдыце з Міжнародным валютным фондам, які настойвае на рэфармаванні беларускага сектара дзяржпрадпрыемстваў. „Да заканчэння парламенцкіх выбараў чакаць афіцыйных заяў па гэтым пытанні з боку ўрада не варта, а пасля іх завяршэння — цалкам магчыма. Больш суровае нафтавае асяроддзе будзе падштурхоўваць дзяржаву да рэфармавання эканомікі”, — прагназуе эксперт.