Юрый Ляшэнка – адзіны інвалід-вазочнік у выбарчай кампаніі
Юрый Ляшэнка, кандыдат у дэпутаты па Светлагорскай выбарчай акрузе ад Беларускай партыі “Зялёныя”, з’яўляецца адзіным кандыдатам, які мае абмежаваныя фізічныя магчымасці. Ён – інвалід-вазочнік.
Акрамя вырашэння экалагічных праблем, што існуюць у Светлагорску, які называюць горадам хімікаў, востра стаіць задача па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў як у горадзе, так і ва ўсёй краіне, гаворыць Юрый Ляшэнка:
– Я з дзяцінства зведаў цяжкасці перамяшчэння ў транспарце, праз бардзюры, ведаю, што не толькі людзям у інвалідных вазках цяжка, але і маці з дзецьмі ў калясках, а таксама сталым людзям. Гэтая тэма мне блізкая. Таму адная з маіх задач – праблематыка безбар’ернага асяродку нашага горада і ўсёй краіны. Мая пазіцыя ў тым, каб данесці гэтыя праблемы да ўлады і дабіцца вынікаў.
Дарэчы, галоўным канкурэнтам Юрыя Ляшэнкі з’яўляецца дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Галіна Філіповіч, якая на сустрэчы з выбаршчыкамі прама заявіла, што бярэ ўдзел у выбарах не па сваёй ініцыятыве, а з-за таго, што было прынята адпаведнае рашэнне “ўверсе”.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org