Андрэй Бандарэнка абскарджвае спагнанні адміністрацыі турмы



Вакол зняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме №4, пасля перыяду ціску з боку адміністрацыі ўсталявалася адноснае зацішша. Пра гэта сам зняволены напісаў у апошніх лістах да юрыста, былога суддзі Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіла Пастухова. Аднак скаргі зняволенага перакідваюцца з інстанцыі ў інстанцыю і застаюцца без станоўчага вырашэння. У іх ён аспрэчвае свае ранейшыя спагнанні і папярэджанні, у тым ліку пастаноўку на ўлік як злоснага парушальніка рэжыму ўтрымання, быццам схільнага да канфліктаў з адміністрацыяй:

– Ездзіў да яго адвакат, і яны падалі скаргу ў Ленінскі суд горада Магілёва на Упраўленне дэпартамента выканання пакаранняў, якое адмаўляецца разглядаць скаргу на законнасць пастаноўкі яго на ўлік. Тым не менш, суд прыняў рашэнне, што гэтую скаргу трэба перадаць у Дэпартамент выкання пакаранняў. Круг замкнуўся.

Ніхто не хоча разглядаць яўна незаконнае рашэнне аб пастаноўцы Андрэя Бандарэнкі на ўлік як парушальнка рэжыму, – лічыць Міхаіл Пастухоў. А калі б ўдалося зняць хаця б адно са спагнанняў, то становішча Андрэя Бандарэнкі значна палепшылася б. Тады для яго можа быць зменены рэжым утрымання – з турмы ён можа вярнуцца ў калонію. Таксама з’явіцца магчымасць выкарыстаць умоўна – датэрміновае вызваленне. І галоўнае – знікне пагроза  чарговай крымінальнай справы па артыкуле 411 за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі, якая зараз навісла над Андрэем Бандарэнкам, — кажа Міхаіл Пастухоў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя