Два кандыдаты ад АГП у Гомелі зняліся з выбарчай гонкі



Члены Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Кацора і Уладзімір Няпомняшчых, якія балатаваліся адпаведна па Гомельскай-Сельмашаўскай акрузе № 32 і Гомельскай-Юбілейнай акрузе № 31, знялі свае кандыдатуры. Заявы ў акруговыя камісіі актывісты падалі 5 верасня.

«Ні адзін з прапанаваных АГП ва ўсе 34 камісіі Сельмашаўскай акругі прадстаўнік не быў абраны членам участковых выбарчых камісій, — тлумачыць прычыну адмовы ад далейшага ўдзелу ў выбарах Кацора. — Да таго ж старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляе, што роля дэпутата парламента не ў тым , каб займацца заканатворчай дзейнасцю, а быць прадстаўніком сабеса ў сваёй акрузе».

Няпомняшчых у заяве на адрас выбаркама напісаў:

«Прашу зняць маю кандыдатуру ў так званай выбарчай кампаніі, таму што гэта не выбары, а гульня шарлатанаў з народам у напарсткі пад назвай выбары. Я не маю маральнага права падманваць сябе, сваю сям’ю і беларускі народ, прымаючы ўдзел у «падтанцоўцы» Лукашэнку-Ярмошынай і іх брыгадзе».

Адной з прычын зняцця сваёй кандыдатуры Няпомняшчых назваў сітуацыю з яго здымкам на стэндзе з інфармацыяй пра кандыдатаў. Фота абрэзалі такім чынам, што надпіс з лозунгам на майцы кандыдата апынуўся змененым. Лозунг гучыць „За Беларусь без Лукашэнкі”, але фота кадравалі такім чынам, што фраза выйшла бессэнсоўнай: «За Беларусь без». Таксама пры выступе на тэлебачанні канчатку фразы не было відаць, паколькі яе закрылі цітрамі — выйшла, што кандыдат выступае пад дэвізам «За Беларусь».

«У Гомелі мяне ведаюць дзякуючы гэтаму надпісу на майцы, вітаюцца, ціснуць руку, нават абдымаюцца і просяць сфатаграфавацца. А камісія робіць усё, каб мяне не пазналі людзі», — сказаў былы кандыдат.

У той жа дзень ён зарэгістраваўся назіральнікам на адным з участкаў.

БелаПАН