“Стоп-загон” супраць датэрміновага галасавання
Праваабаронца Зміцер Салаўёў распавёў пра пачатую акцыю “Стоп-загон”.
“Студэнты і студэнткі! Калі вы сутыкнуліся з выпадкамі прымушэння да датэрміновага галасавання, неадкладна паведамляй нам, – напісалі ініцыятары акцыі праз сваю суполку ў сацыяльных сетках (“Стоп-загон” у vk.com і facebook.com). – У выпадку, калі вам патрэбна юрыдычная або псіхалагічная дапамога, таксама паведамляйце”.
Зміцер Салаўёў: Праваабаронцы сумесна з ініцыятыўнай групай студэнтаў распачалі акцыю “Стоп-загон”. Перш-наперш скажу, што мы прымаем і прэвентыўныя меры, каб не парушалася заканадаўства. Прынамсі прынята заява ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” да адміністрацый ВНУ з заклікам не парушаць законы Рэспублікі Беларусь, таму што прымус да датэрміновага галасавання супярэчыць нормам закона. Гэта права кожнага вырашаць – калі і як ён пойдзе на галасаванне. Можа чалавек наогул не хоча прымаць удзел у гэтай працэдуры. Да таго ж, варта ўлічваць, што зараз Беларусь упісана ў Балонскі працэс, хаця насамрэч акадэмічныя правы студэнтаў у Беларусі не забяспечаны.
РР: Ці паступае ўжо да вас нейкая інфармацыя ад студэнтаў, якая тычыцца датэрміновага галасавання?
Зміцер Салаўёў: Ёсць ужо каля дзесяці паведамленняў аб прымусах да такога галасавання ў інтэрнатах, бо там можна націснуць на навучэнцаў пад пагрозай высялення. І людзі вымушаны ісці на датэрміновае галасаванне. А гэта ўжо парушэнне прынцыпаў Балонскага працэса, бо нам патрэбна рэальнае студэнцкае самакіраванне, а не фантомнае. Кіраванне зараз у руках ідыёлагаў ВНУ, якія і займаюцца “выхаваўчай працай”. І там, дзе ўбачым рэальныя парушэнні, будзем пісаць скаргі ў пракуратуру і выбарчыя камісіі. Таксама ўсё гэта будзем даводзіць да партнёраў за мяжой. Зараз ужо пачалі збіраць інфармацыю, якая затым і будзе ўлічана ў выніковай справаздачы.
РР: Лукашэнка распарадзіўся «не гнаць людзей на выбары», хаця адсотак датэрміновага галасавання заўсёды – проста велізарны…
Зміцер Салаўёў: Так, больш за 30 адсоткаў ад агульнай колькасць выбаршчыкаў, і каля 40 адсоткаў тых, хто прыняў удзел у галасаванні. Узнікае лагічнае пытанне: навошта людзей гоняць галасаваць датэрмінова? Можа таму, што за той час, што скрыні з бюлетэнямі стаяць, яны знаходзяцца па-за ўвагай назіральнікаў. І з імі можна зрабіць усё што заўгодна. Былі факты, калі бачылі, што выбарчыя скрыні нехта ўскрываў. Таму трэба адыходзіць ад ганебнай практыкі прымусу да галасавання. Мы будзем людзям тлумачыць іх правы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя