Лябедзька і Казлоў папярэдзілі міліцыянтаў
Акцыя АГП у Менску. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і кіраўнік яе гарадской арганізацыі Мікалай Казлоў раздалі газету „Народная воля” каля міліцыі Маскоўскага раёну. У газеце надрукаваны заклік да супрацоўнікаў міліцыі не ўдзельнічаць у фальсіфікацыі выбараў.
Па словах Казлова, трэба нагадаць супрацоўнікам міліцыі, што падчас выбараў трэба кіравацца не загадамі старшыні Цэнтрвыбаркама і іншых выбарчых камісій, а законам.
– Так складася ў нас, што ўсе выбары, якія прайшлі з дзевяноста нейкага там года, не прызнаюцца. То бок усе яны сфальсіфікаваныя. А фальсіфікацыя ў нас крымінальнае злачынства.
„Менавіта аб гэтым трэба нагадаць супрацоўнікам міліцыі,” – падкрэсліў Казлоў. Аднак дзверы Маскоўскага РУУС аказаліся зачыненымі. А тыя рэдкія супрацоўнікі, хто ўсё ж з’яўляўся на ганку, адмаўляліся браць газету.
Анатоль Лябедзька вырашыў пакінуць заяву на імя кіраўніка маскоўскага РУУС з прапановай азнаёміць асабісты склад раённага ўпраўлення ўнутраных спраў са зместам звароту, апублікаваным у газеце „Народная воля”.
– Вось такая самаізаляцыя супрацоўнікаў міліцыі ад знешняга свету. Дзіўнае гэта відовішча, таму што я думаю, што гэтым ажыятажам яны наадварот стварылі такую дадатковую цікавасць у міцыянтаў. А што ж тут здарыцца? Я думаю, што гэта прымусіць многіх зайсці ў інтэрнэт і адшукаць пэўную інфармацыю.
„Таму зварот да супрацоўнікаў унутраных органаў супрацьдзейнічаць фальсіфікацыям на выбарах дойдзе да адрэсатаў,” – упэўнены Лябедзька.
Некалькі дзясяткаў экзэмпляра „Народнай волі” ўсё ж былі раздадзены мінакам каля будынку Маскоўскага РУЎС.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ucpb.org