Статкевіч і Някляеў праінфармавалі Менгарвыканкам пра намер правесці масавую акцыю
Апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў праінфармавалі Менгарвыканкам пра намер правесці 12 верасня на Кастрычніцкай плошчы масавую акцыю.
6 верасня яны прынеслі ў Мінгарвыканкам дакумент, у якім гаворыцца, што згодна з артыкулам 55 Канстытуцыі Беларусі і падпісанымі краінай міжнароднымі дамовамі Статкевіч і Някляеў маюць намер правесці масавую акцыю з мэтай патрабаваць „сапраўдных выбараў замест выбарчых фарсаў, якія рэгулярна арганізуе кіруючы рэжым”. Пачатак акцыі запланаваны на 18.00. Мінгарвыканкаму прапануецца выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае правядзенне акцыі.
Статкевіч падкрэсліў, што гэты дакумент не з’яўляецца заяўкай на дазвол акцыі. „Гэта апавяшчэнне аб намеры яе правесці. Акцыя будзе, яны не могуць мне яе забараніць, я не прашу дазволу”, — заявіў былы палітвязень.
11 верасня ў Беларусі пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання. Датэрміновае галасаванне пачалося 6 верасня.