Савет па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне права на свабоду сходаў у Жлобіне
Гомельскі „Цэнтр стратэгічнай цяжбы” атрымаў чарговую перамогу ў Савеце ААН па правах чалавека. Гэтым разам праваабаронцы змаглі даказаць парушэнне беларускай дзяржавай права на свабоду сходаў у Жлобіне. У 2011-м годзе жлобінскія ўлады забаранілі 20-ці грамадзянам правесці пікет супраць пераследу дэмакратычных экс-кандыдатаў у прэзідэнты. Як кажа праваабаронца Леанід Судаленка, міжнародныя эксперты зафіксавалі яўнае парушэнне правоў грамадзянаў на свабоду сходаў:
– Мы на міжнародным роўні даказалі, шо жлобінскія чыноўнікі забараняючы мірны сход па прычыне ягонай тэматыкі, парушаюць як права на свабоднае выказванне меркаванняў, так і права на мірны сход. Менавіта па гэтых двух артыкулах Камітэт і ўсталяваў парушэнні.
Леанід Судаленка заўважае, што гэта ўжо трэці выпадак, калі Савет па правах чалавека ААН адзначае парушэнні права на свабоду сходаў з боку жлобінскіх чыноўнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель