Справа 1944 г. “ЧСВР. Дачка за бацьку, жонка за мужа..”
У снежні 1935 года савецкія газеты шырока растыражавалі пафасныя словы таварыша Сталіна “Сын за отца не отвечает». Гэтую фразу правадыр прамовіў на нарадзе камбайнераў, у адказ на прызнанне аднаго з дэлегатаў, што ён, маўляў – сын кулака.
Сталінскае сцвярджэнне, што ў СССР дзеці, нібыта, не адказвалі за бацькоў, было цынічнай і беспардоннай брахнёй. Яшчэ ў 1935-м годзе з’явіўся Закон «О членах семьи изменников Родины», паводле каторага да адказнасці прыцягваліся не толькі тыя, каго НКВД вызнаваў “ворагамі народа”, але і іх бацькі, жонкі і паўналетнія дзеці. Такіх людзей без суда высылалі ў аддаленыя раёны СССР. Непаўналетніх дзяцей “ворагаў народа”, нават грудных немаўлят, гвалтам адбіралі ў бацькоў і адпраўлялі ў спецыялізаваныя дзіцячыя дамы, дзе ім мянялі імёны і прозвішчы.
Так з’явілася абрэвіятура ЧСВР, “члены семей врагов народа»…
21 ліпеня 1942-га года, адразу пасля нямецкага артылерыйскага абстрэлу пазіцый 1149-га стралковага палка Чырвонай Арміі, высвятлілася, што трое чырвонаармейцаў зніклі без вестак. Пошукі зніклых па разбомбленых траншэях былі марнымі: іх не знайшлося не сярод мёртвых, ні сярод параненых, ні сярод жывых. Сведчанні ацалелых чырвонаармейцаў пра разведвальную групу немцаў, якую бачылі блізка савецкіх пазіцый адразу пасля абстрэлу, у разлік не ўзялі.
Праз дзевяць дзён адбылося паседжанне вайсковага трыбуналу, дзе ўсе трое зніклых без вестак былі прызнаныя перабежчыкамі і здраднікамі Радзімы, за што завочна і атрымалі вышэйшую меру пакарання.
Сярод тых, хто бязвестна знік пасля нямецкага артабстрэлу, быў і наш зямляк
Совершенно секретно
30 июня 1942 г.
Особый Отдел НКВД 1149 стрелковой дивизии.
(…)
Афанасенко Моисей Григорьевич, 1907 г. р., беспартийный, белорус, колхозник, уроженец села Грабинино Октябрьского района Полесской области, красноармеец…
(…)
За измену Родине подвергнуть высшей мере наказания – расстрелу. Приговор окончательный и обжалованию не подлежит.
У вёсцы Азарычы, што ў цяперашнім Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці, у Маісея Рыгоравіча засталіся жонка Марыя Яўсееўна і дачка Зінаіда. Згодна савецкага заканадаўства, яны абвяшчаліся “членамі сям’і ворага народа” і падлягалі недкладнай дэпартацыі за Урал.
Азарычы ў той час былі пад нямецкай акупацыяй, і НКВД не магло да іх дацягнуцца. Але ж з вызваленнем Беларусі пра сям’ю “здрадніка Радзімы” ўзгадалі неадкладна…
Совершенно секретно
Отдел “А” Управления Госбезопасности Полесской области, г. Мозырь.
(…)
Особое Совещание при НКВД СССР от 14. 10. 44 г. постановило: Афанасенко Марию Евсеевну и Афанасенко Зинаиду Моисеевну, как членов семьи изменника Родины, сослать на 3 (три) года в Красноярский край.
Помощник начальника отдела «А», подполковник Госбезопасности Заславский.
І жонка “здрадніка Радзімы”, і яго дачка былі ўпэўненыя, што Маісей Рыгоравіч ваюе на фронце. Ані пра яго знікненне падчас нямецкага артабстрэлу, ані пра пра расстрэльны прысуд чалавеку, які без вестак знік пасля таго артабстрэлу, яны, натуральна, не ведалі…
Савецкія вызваліцелі неадкладна арыштавалі Марыю Яўсееўну і звезлі ў невядомым кірунку. Чатырнаццацігадовая дачка перабралася да цёткі. Але ж дзяўчынка вырашыла змагацца за бацькоў да апошняга і, нягледзячы на перасцярогі, яна выправілася ў мазырскую Дзяржбяспеку…
У Акцябрскае НКГБ
От гражданки м. Азаричи Домановического р-на Полесской области
Афанасенко Зинаиды Моисеевны
Заявление
Прошу Октябрьское НКГБ принять и рассмотреть мое заявление в том, что я, Афанасенко Зинаида Моисеевна, рождения 1930 года, в настоящее время проживаю у тети потому, что никого из отцов дома нет.
(…)
Мой отец находится в рядах Красной Армии с 1941 года. Мать мою взяли следственными органами как жену изменника Родины в феврале 1945, и я па сённяшни день не знаю, где она.
Прошу вас рассмотреть мое заявление и отпустить мою мать, как жену честного и доблестного война Красной Армии.
Проситель Афанасенко
3 мая 1945 г.
Тым часам сваякі арыштаванай Марыі Яўсееўны вырашылі пайсці на хітрыкі: маўляў, за той час, што яе муж быў на фронце, жанчына ажанілася нанова, а таму ані яе, ані яе дачку высылаць у Сібір не можна.
Сваякі тыя нават падшукалі вельмі годную кандыдатуру фіктыўнага мужа – партызана-ардэнаносца, і які і пагадзіўся даць рады.
Совершенно секретно
Начальнику отдела «А» УНКГБ Полесской области,
г. Мозырь
Согласно сообщению Октябрьского РО НКВД (…) исполнение решения Особого Совещания при НКВД СССР от 14. 10. 44 г. о ссылке, как членов семьи изменника Родины, в Красноярский край сроком на три года Афанасенко Марии Евсеевны (…) приостановлено, так как в период оккупации р-на немецкими войсками в 1942 г. она вышла замуж за партизана Отечественной войны Володько Каленика Яковлевича, с которым проживала совместно до дня освобождения района.
Сообщая изложенное, просим проверить указанные обстоятельства…
Пом. Начальника отдела «А» НКГБ БССР подполковник Госбезопасности Заславский.
Але ж на момант вынясення расстрэльнага прысуду ў 1942 годзе Марыя Яўсееўна фармальна заставалася жонкай Маісея Рыгоравіча. Гэта і вырашыла далейшы лёс і яе, і дачкі Зінаіды. Абедзвюх дэпартавалі ў далёкі Сухабузімскі раён Краснаярскага краю, у прылагерны пасёлак, дзе яны маглі разлічваць адно на самую цяжкую працу. МГБ, пад нагляд якога патрапілі нашыя зямлячкі, дбайна кантралявала ўсе іх кантакты, у тым ліку і ліставанне.
Марыя Яўсееўна па хуткім часе захварэла і памерла на чужыне. Як склаўся лёс Зінаіды Афанасенка, якая не збаялася бараніць бацькоў ад усемагутнага МГБ, невядома і дагэтуль.
* * *
Наступным разам вы дазнаецеся працяг гэтай гісторыі: што насамрэч адбылося з чырвонаармейцам Маісеем Рыгоравічам Афанасенкам, які пасля нямецкага артабстрэлу бязвестна знік з пазіцый, і чаму нават “вышэйшую меру пакарання” у Савецкім Саюзе не варта было лічыць “канчатковай і незваротнай”.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-17843”