Віцебск і Баранавічы страйкуюць, Менск і Берасце працуюць



Індывідуальныя прадпрымальнікі з Віцебска, Баранавічаў і іншых гарадоў маюць намер працягваць пратэсты ў звязку з уваходжаннем у сілу ўказа прэзідэнта № 222. 10 ліпеня заканчваецца адведзены заканадаўствам тэрмін для адказу ўрада на зварот віцебскіх ІП. “Да таго часу будзем чакаць”, – сказала старшыня аргкамітэта па стварэнні прафсаюза „Разам” Ірына Яскевіч. – Да 10-га чысла яны павінны даць нам адказ. Хоць у нас ніхто нікому нічога не павінен. Мы проста чакаем. Падалі нулявыя дэкларацыі і не працуем. Гэта Слуцк, Баранавічы. Сур’ёзна паўстала пытанне з Салігорскам, Бабруйскам, Магілёвам, Гародняй. Шмат хто падтрымаў нашу ініцыятыву. Людзі яшчэ стаяць. Ірына Яскевіч адзначыла, што не разумее пазіцыі лідараў прадпрымальніцкіх рухаў з Менска, якія да гэтай пары не вызначыліся з пазіцыяй у гэтым пытанні. – Менск выкарыстоўвае гэта ў сваіх інтарэсах. Мы кажам, што Менск ужо не сталіца для нас. Гэта шырма для таго не самага лепшага, што ў нас ёсць. Урад павінен клапаціцца пра сваіх людзей. І гэта на фоне таго, што Расея хоча прыняць яшчэ закон аб пазбаўленні падаткаў дробных прадпрымальнікаў, а ў нас іх становіцца ўсё больш і больш. Указ набыў моц 1 ліпеня. Ён забавязвае мець сертыфікаты і суправаджальныя дакументы на ўсе тавары, якія будуць увозіцца ІП у Беларусь пасля гэтай даты. Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя >Фота БелаПАН