Скандал і ганьба ў Рыа: беларусы ўсё ж вынеслі расейскі сцяг



Міжнародны паралімпійскі камітэт мае намер правесці расследаванне з’яўлення беларусаў на цырымоніі адкрыцця Гульняў з расейскім сцягам. У Бразіліі пачалася паралімпіяда. У час параду адзін з членаў дэлегацыі Рэспублікі Беларусь прайшоў са сцягам Расеі. Ён паспеў пераадолець некалькі дзясяткаў метраў, перш чым у яго забралі гэты сцяг.

Чалавекам, які нёс расейскі сцяг на цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды-2016 на стадыёне Маракана ў бразільскім Рыа-дэ-Жанейра, быў спартсмен Андрэй Фомачкін, перадае Sputnik Беларусь.

53-гадовы спартыўны функцыянер, імя якога даведалася ўся сусветная супольнасць, працаваў трэнерам-выкладчыкам СДЮШАР Менскай вобласці, займаў шэраг кіруючых пастоў у дзяржаўных і камерцыйных арганізацыях, з 2007 года ў дырэктараце нацыянальных каманд, з 2008 па 2010 гады – памочнікам міністра спорту і турызму, з 2010 па 2012 гады – старшынёй дырэктарата нацыянальных каманд па відах спорту міністэрства спорту і турызму.

Андрэй Фомачкін – майстар спорту міжнароднага класа, пераможца і прызёр Спартакіяды народаў СССР (1986 года), рэкардсмен СССР у зімовым мнагабор’і.

Нарадзіўся ў расейскім Армавіры.

Раней Паралімпійскі камітэт Беларусі паведамляў, што падобнай акцыяй плануе падтрымаць спартоўцаў з Расеі, якіх адхілілі ад Гульняў у поўным складзе. Аднак Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў выносіць расейскі сцяг. Цяпер парушальніку пагражаюць санкцыі.

[youtube id=”uwKveOXRCWo”]

Беларускае Раыё Рацыя, фота Reuters.com