Што дасць уладам прызнанне выбараў?
Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў пра тое, на што разлічае ўлада падчас гэтай парламенцкай кампаніі.
Беларускія чыноўнікі засталіся не вельмі задаволенымі прамежкавай справаздачай місіі БДІПЧ АБСЕ.
“Я абсалютна не прымаю заявы некаторых дзеячаў, якія просяцца ў Беларусь, наведваюць Беларусь і першапачаткова, яшчэ да даты правядзення «выбараў», ужо кажуць, што тут няма ніякай дэмакратыі і вынікі «выбараў» будуць непрымальныя, – выказаўся міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. – Акурат такія заявы і выклікаюць падазрэнні ў тым, што такога кшталту дзеячы прыязджаюць з нарыхтаванымі штампамі і ўстаноўкамі”.
Анатоль Лябедзька: Найперш я б сказаў пра вельмі важную адметнасць гэтых выбараў. Справа ў тым, што, магчыма, упершыню адбудзецца змяншэнне прасторы прызнання легітымнасці так званых выбараў унутры Беларусі. Бо раней большасць беларусаў прызнавалі парламент, як законную ўладу. А зараз можа быць менавіта нізкая ўнутраная легітымнасць, але пры гэтым пашырыцца прастора знешняй легітымнасці. І гэта залежыць толькі ад аднаго – ад якасці працы неабыякавых людзей. Ад кандыдатаў у дэпутаты, ад дэмакратычнах арганізацый і чальцоў іх каманд, праваабаронцаў, назіральнікаў, прэсы. Вось кіраўнік Еўрапейскай народнай партыі Жасэф Доль, на якога нервова рэагавала і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, і спадар Макей, сказаў простую рэч – ёсць трэнд на тое, што з Лукашэнкам трэба пашыраць супрацу, але наколькі гэта будзе хутка, залежыць у тым ліку і ад таго, як будзе праведзена парламенцкая кампанія.
РР: Што дасць беларускім уладам прызнанне выбараў еўрапейскімі структурамі?
Анатоль Лябедзька: Яно адкрывае доступы да заходніх крэдытаў, гэта – чырвоная дарожка для кіраўніцтва краіны ў Еўропу. Адным словам, будуць і эканамічныя бонусы, і бонусы для самалюбства ўлады, якой трэба выйграць 20-гадовае змаганнне з Захадам.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя