Акруговая камісія зацікавілася пікетам Вадзіма Саранчукова



Цэлы пакет скаргаў ад незалежных назіральнікаў атрымала Гарадзенская-Цэнтральная акруговая выбарчая камісія №51 на паседжанні, якое прайшло 8-га верасня. Адным з пытанняў, якое разглядала камісія, была справа кандыдата ад партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, які атрымаў прадстаўленне з нагоды праведзенага ім 31-га жніўня пікета „За малы памежны рух”. Тады раздаваліся ўлёткі і іншыя друкаваныя матэрыялы адпаведнай тэматыкі.

saranchukou-2016

Пакуль камісія запатрабавала напісаць тлумачэнне. Кажа Вадзім Саранчукоў:

– У камісіі з’явіліся пытанні, адкуль у мяне гэтыя матэрыялы. На што я даў тлумачэнні. На гэтым пікеце раздаваліся ўлёткі самой кампаніі, якія не маюць ніякага дачынення да выбаршчыкаў. Таксама на гэтым пікеце было раздадзена некалькі буклетаў ад кандыдата па выбарчай акрузе №52 Валерыя Кісяля, што таксама не з’яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства. Таму мне крыху дзіўная рэакцыя і цікавасць да гэтага факта камісіі. Таму што, сапраўды, усё было ў межах дзеючага заканадаўства.

9-га верасня пройдзе другі раўнд паседжання камісіі стасоўна Вадзіма Саранчукова. Закон не забараняе яму падтрымліваць іншага кандыдата, таму рашэнне, на думку Вадзіма Саранчукова, будзе мець палітычны характар. Бо закон кандыдату і простаму грамадзяніну дазваляе распаўсюджваць інфармацыю.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня