Двум маладафронтаўцам удалося правесці пікет ля амбасады Расеі
У Менску каля амбасады Расеі ўвечары 8-га верасня адбылася акцыя, прысвечаная угодкам Аршанскай бітвы. Невялікі пікет прайшоў, нягледзячы на затрыманне аднаго з лідараў Маладога Фронту Змітра Дашкевіча, які рыхтаваў мерапрыемства.
Двое актывістаў апазіцыі здолелі разгарнуць у пільна ахоўваемага міліцыяй скверу ля амбасады плакат з надпісам „Акупанты – вон”. Адзін з пратэстоўцаў, прадстаўнік незарэгістраванай Беларускай хрысціянскай дэмакртаыі Павал Пракаповіч пачаў скандаваць лозунгі, а потым і распавёў аб сутнасці мерапрыемства:
– Жыве Беларусь! Акупанты – пайшлі вон! Большасць нашых актывістаў былі затрыманы. Але нам вельмі важна выказаць сваю папзіцыю, таму што ў рэгіёне пануе бязмежжа. Расея паводзіць сябе нахабна, агрэсіўна і ў небяспецы цэлы рэгіён.
Тое, што адбывалася ў Грузіі, Малдове, што зараз адбываецца ва Украіне можа здарыцца і ў Беларусі. Таму трэба быць вельмі пільнымі, – сказаў Павал Пракаповіч.
Не абыйшлося і без правакацый. Адзін з грамадзянаў, пачаў абражаць пікетоўцаў, у тым ліку нецэнзурна.
– Гэта хлусня! Гэта куплена амерыканцамі за даляры.
Аднак міліцыя не звярнула ўвагі на грамадзяніна, які лаяўся матам у публічным месцы і нават сам прызнаўся, што выпіў „100 грам”.
Пікет працягваўся каля 20 хвілін. Яго ўдзельнікаў міліцыя не затрымлівала. Пазней стала вядома, што і астатнія актывісты, у тым ліку і Зміцер Дашкевіч, вызваленыя.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара