Вячаслаў Піліпук: Спынілі працу — праверкі скончыліся



Намеснік старшыні РГА „Перспектыва” Вячаслаў Піліпук распавёў, што сёння хвалюе прадпрымальнікаў.

Вячаслаў Піліпук

Вячаслаў Піліпук: Калі казаць пра праверкі прадпрымальнікаў, то яны перыядычна здараюцца. Напрыклад, на аптова-рознічным рынку «Паўднёвы» у Гародні ІП-эшнікі дружна спынілі працу, калі іх пачалі правяраць. Усё – праверкі адразу скончыліся! Мы пра гэтую сітуацыю, дарэчы, распавялі ў Дэпартаменце па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі і дадалі, што лепш было б весці канструктыўны дыялог. У бліжэйшы час, дарэчы, хочам арганізаваць сустрэчу на базе Мінэканомікі. Трэба падымаць не толькі пытанні сертыфікацыі тавараў і суправаджальных дакументаў, але і падаткаў. У нас ёсць інфармацыя, што ўжо ідуць размовы ў высокіх кабінетах пра ўвядзенне патэнтнай сістэмы для беларускіх прадпрымальнікаў. Па расейскім ўзоры.

РР: Наколькі гэта слушная прапанова?

Вячаслаў Піліпук: Мы яе ўжо даўно прасоўвалі, але тады чамусьці нашу ідэю чыноўнікі ўспрынялі не вельмі добра. Маўляў, у Расеі іншая сітуацыя, чым у Беларусі. Але ў той сітуацыі, у якой зараз знаходзіцца беларуская эканоміка, патэнтная сістэма былы б цікавай ідэяй. Таму што адзіны падатак усё роўна сёння высокі для прадпрымальнікаў, і, да таго ж, яго пастаянна падвышаюць. Можа быць, раней улады і не гатовы былі да патэнтнай сістэмы, бо дзяржаўная машына, як  кажуць, доўга заводзіцца. Улады спачатку ўкараняюць нейкую сістэму, а затым глядзяць на вынік. Вось, напрыклад, трымаліся за адзіны падатак, а зараз глядзяць, што зборы падаюць. Прадпрымальнікі сталі зачыняцца, многія з’ехалі ў Расею працаваць. Калі паступленні ў бюджэт пачалі зніжацца, то і сталі шукаць іншыя варыянты, каб залагодзіць прадпрымальнікаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя