У Беларусі ўпершыню за апошнія сем гадоў зафіксаваная дэфляцыя
Упершыню з 2009 года ў Беларусі адбылося зніжэнне індэкса цэн на тавары і паслугі. Эксперты прагназуюць далейшае зніжэнне цэн на нехарчовыя тавары.
Паводле звестак Белстата, у жніўні 2016 года індэкс цэн у адносінах да снежня 2015 года вырас на 7,6%, але ў параўнанні з ліпенем знізіўся на 0,1%.
Апошні раз дэфляцыя ў Беларусі назіралася ў жніўні 2009 года, калі цэны знізіліся на 0,2%.
Цэны на харчовыя тавары ў жніўні гэтага года ў параўнанні з ліпенем знізіліся ў сярэднім на 0,5% (з пачатку года — выраслі на 5,3%). Нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,3% (6,5%), паслугі — на 0,01% (15,2%).
Нагадаем, 23 жніўня паводле вынікаў сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам урада і Нацбанка прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў паведаміў журналістам: „На жаль, у той матрыцы задач, якая вызначаная кіраўніком дзяржавы, з сямі паказчыкаў выкананы адзін, але вельмі важны — гэта паказчык інфляцыі. мы ўжо ўвайшлі ў нармальны рэжым і разлічваем, што паводле вынікаў года, як і меркавалася, інфляцыя не перавысіць 12%”. На працягу першай паловы жніўня „нават назіралася дэфляцыя, якая ў тым ліку звязаная з сезонным фактарам”, дадаў Кабякоў.
На пашыраным пасяджэнні ўрада 9 жніўня прэм’ер-міністр таксама звярнуў увагу на зніжэнне інфляцыі. „Штомесяц пачынаючы з сакавіка запавольваецца інфляцыя. Другі месяц запар месячная інфляцыя знаходзіцца на ўзроўні 0,4%”, — сказаў ён.
Згодна з нядаўнім прагнозам Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), інфляцыя паводле вынікаў 2016 года ў Беларусі складзе 12,6%. Да 2020 года ўрад плануе знізіць інфляцыю да 5%.
Незалежныя эксперты прагназуюць зніжэнне цэн на нехарчовыя тавары ўслед за змяншэннем рэальных даходаў насельніцтва.
Паводле звестак Белстата, у першым паўгоддзі на набыццё нехарчовых тавараў дамашнія гаспадаркі краіны накіроўвалі 30,3% сваіх спажывецкіх расходаў. Усе апошнія гады расходы дамашніх гаспадарак на набыццё нехарчовых тавараў зніжаюцца (у 2012-м на гэтыя мэты беларускія сем’і трацілі 36,5% сваіх спажывецкіх расходаў, у 2013-м — 37,6%, у 2014-м — 34,4%, у 2015-м — 32,7%).
„Калі падаюць даходы насельніцтва, выдаткі дамашніх гаспадарак на набыццё нехарчовых тавараў скарачаюцца. Адпаведна цэны на нехарчовыя тавары наўрад ці будуць расці, а магчымая нават і дэфляцыя па асобных пазіцыях”, — адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН эканаміст Антон Балточка.
На думку экспертаў, фундаментальныя перадумовы для росту цэн на спажывецкім рынку сёння адсутнічаюць. „Абмежаванне тэмпаў росту зарплат, іх прывязка да прадукцыйнасці працы ўжо прывялі да зніжэння попыту на імпарт і да змяншэння рознічнага тавараабароту ў цэлым. Адпаведна, калі плацежаздольны попыт не расце, магчымасці вытворцаў падвышаць цэны абмежаваныя”, — кажа фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.
Нават у выпадку росту курсу долара прапарцыянальнага павелічэння цэн на спажывецкім рынку не адбудзецца, лічыць ён. „Ва ўмовах зніжэння рэальных даходаў насельніцтва кампаніі пры выбудоўванні цэнавай палітыкі сталі больш арыентавацца на плацежаздольны попыт насельніцтва і на дынаміку інфляцыі, а не на рух курсу долара. Таму ў 2015—2016 гадах, нягледзячы на аслабленне рубля, якое назіраецца, перанос дэвальвацыі на цэны быў істотна меншы, чым у папярэднія гады”, — адзначыў Муха.
Дадатковым фактарам, які прыводзіць да замарожвання цэн на спажывецкім рынку, з’яўляецца і манетарная палітыка Нацбанка. „Нацбанк рэалізуе жорсткую манетарную палітыку — грашовая база застаецца прыкладна на роўні пачатку года, і гэты фактар таксама прыводзіць да запаволення інфляцыі”, — лічыць Антон Балточка.