Дэканаты ціснуць на студэнтаў-назіральнікаў



Берасцейскія назіральнікі ад “Права выбару” падазраюць працадаўцаў і дэканаты ВНУ у спробах перашкодзіць іх працы. Так, назіральніца чацьвёртага ўчастка Берасцейскай Усходняй выбарчай акругі №3 і студэнтка аднаго з факультэтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна Алена С. паведаміла наступнае:

– Патэлефанавалі з дэканата і сказалі, што я прагульваю практыку і мушу быць на практыцы і адпрацаваць свае прагулы ў выхадныя дні. Хоць месца, дзе я праходжу практыку, у гэтыя дні, зразумела, не працуе. Для таго, каб я не працавала на выбарах, мяне адклікалі на практыку. Таксама яны патэлефанавалі маёй маці і спыталіся, ці ведае яна, дзе я працую, і параілі лепш сачыць за сваёй дачкой, бо яе могуць адлічыць з універсітэта.

Таксама, са словаў суразмоўцы, вядома, што студэнтаў-назіральнікаў з суседніх участкаў напаткала такая ж сітуацыя з тэрміновым выклікам на практыку за некалькі дзён да асноўнага дня галасавання. Давераныя асобы кандыдата ад Партыі БНФ аператыўна замянілі адкліканых назіральнікаў, таму участкі без назіральнікаў  не засталіся, – паведаміла Алена.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце