Дзе ва Украіне галасуюць беларускія грамадзяне
Беларусы, якія стала жывуць ва Украіне, маюць права прагаласаваць за сваіх кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў толькі ў двух украінскіх гарадах – Кіеве і Адэсе. У Кіеве выбарчы ўчастак знаходзіцца на тэрыторыі Беларускай амбасады, у Адэсе – на тэрыторыі Генеральнага консульства. Пра асаблівасці беларускага выбарчага працэсу ва Украіне распавядае наш карэспандэнт Марцін Война:
– Пра магчымасць парагаласаваць на тэрыторыі Беларускай амбасады ў Кіеве кожны ахвочы можа прачытаць на сайце амбасады, у якой адмыслова для беларускіх грамадзян, якія стала жывуць на тэрыторыі Украіны, створаны выбарчы ўчастак №751. На старонцы Генеральнага консульства Беларусі ў Адэсе ніякай інфармацыі пра выбары ў Палату прадстаўнікоў няма. Пакуль няма звестак, ці скарысталіся тыя нашыя землякмі, якія знаходзяцца ў Кіеве і Адэсе, сваім грамадзянскім правам.
Большасць беларускіх грамадзянаў, якія маюць дазвол на пражыванне ва Украіне, жывуць, аднак, не ў Адэсе і Кіеве, а ў Чарнігаўскай, Ровенскай і Валынскай абласцях. Малаверагодна, што нехта з іх выправіцца адтуль у той жа Кіеў для галасавання.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота wikimapia.org