Рымашэўскі: «Выбары ў Беларусі фактычна не адбыліся»



Парламенцкія выбары ў Беларусі фактычна не адбыліся. Такое меркаванне выказаў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, даючы ацэнку парламенцкай кампаніі. Палітык адзначыў, што выбары не выклікалі інтарэсу ў беларусаў і афіцыйныя лічбы яўкі былі празмерна перабольшаныя.

«Паводле нашых папярэдніх падлікаў яўка ў Менску склала ня больш за 30%», — гаворыць Віталь Рымашэўскі.

— У рэгіёнах, у буйных гарадах таксама не было больш за 50% выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі. Па сутнасці, яўка была ніжэйшая чым у час папярэдняй парламенцкай кампаніі. Людзі выказалі свой пратэст супраць таго спектаклю, які ладзіць Ярмошына і ЦВК.

«Беларусам надакучыла, што іх галасоў ніхто не лічыць», — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі. Палітык адзначыў, што нізкая яўка выбарцаў дэманструе пратэстны настрой у грамадстве і недавер да ўладаў. На выбарах у Палату Прадстаўнікоў прайшла толькі 1 кандыдатка ад правацэнтрысцкай кааліцыі — Ганна Канапацкая.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя