Акцыя за свабодныя выбары ў Менску



Акцыя за свабодныя выбары пройдзе ў Менску 12 верасня. Палітыкі Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў заклікаюць выйсці на Кастрычніцкую плошчу а 18-ай гадзіне па менскім часе.

Розныя эксперты ставяцца да гэтага па-рознаму. Да прыкладу, экс-кандыдат у дэпутаты ад партыі БНФ Уладзімір Падгол на Плошчу ня пойдзе прынцыпова:

— Два месяцы, з 4 ліпеня мы штотыдзень ладзілі ці пікет, ці выступалі па радыё і тэлебачанні са зваротам да людзей, што нам трэба выйсці з антыканстытуцыйных саюзаў, зрабіць нашу Беларусь нейтральнай і бяз’ядзернай. Дзе былі Статкевіч і Някляеў у гэты час? 

У сваю чаргу былы палітвязень і праваабаронца Алесь Бяляцкі ставіцца да акцыі станоўча:

— Беларускія грамадзяне маюць права выказваць свае адносіны да выбараў ці да выбарчай кампаніі, да таго, што адбывалася. Спадзяюся, што ўлады не справакуюць чарговых рэпрэсіяў, якія ў нас часам суправаджалі выбарчыя кампаніі.   

У час акцыі на Кастрычніцкай плошчы мае прайсці грамадская прысяга на вернасць Беларусі. За хадой акцыі будуць назіраць таксама і нашы карэспандэнты ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя