Праваабаронцы крытыкуюць хаду парламенцкіх выбараў



Парламенцкія выбары не адпавядалі міжнародным стандартам. Да такой высновы ў выніку назірання прыйшла кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Гаворыць сябра Праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзімір Лабковіч:

– Закрытасць выбарчых камісій прывяла да таго, што ў час датэрміновага галасавання нашыя назіральнікі сутыкнуліся са шматлікімі, масавымі і сістэматычнымі парушэннямі выбарчага заканадаўства, якія, на жаль, у параўнанні з усімі іншымі нашымі кампаніямі па назіранні былі самымі негатыўнымі за ўсю гісторыю дзеяння нашай кампаніі.

Праваабаронцы адзначаюць, што этапы фармавання выбарчых камісій, галасавання і падліку галасоў па-ранейшаму не вытрымліваюць крытыкі. Зафіксаваныя прымус да галасавання ды анамальнае завышэнне яўкі. Сваімі высновамі дзеліцца старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак:

– На гэтай выбарчай кампаніі мы не бачылі таго прагрэсу, які нам абяцалі. Так, пэўныя пазітыўныя крокі былі, можна сказаць, што былі спробы ЦВК прадэманстраваць паляпшэнні, але практыка – рэч сур’ёзная. Сістэма правядзення засталася ранейшай.

Поўная справаздача кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ўжо прадстаўленая на сайце цэнтру “Вясна”.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя