Вадзім Саранчукоў: Рыхтуем выніковую скаргу



Кіраўнік гарадзенскай абласной арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які быў кандыдатам у дэпутаты, лічыць, што мінулыя выбары былі несвабоднымі і фактычна іх арганізатары парушылі Выбарчае заканадаўства:

– Тэхналогія правядзення выбараў абсалютна не змянілася. І ў параўнанні з папярэднімі кампаніямі на сённяшні дзень гэта тычыцца: і фармавання выбарчых камісій, у якіх не было ніводнага нашага прадстаўніка, гэта тычыцца і галасавання, і падліку галасоў. Зноў назіральнікі былі выдаленыя ад сталоў, дзе падлічваліся бюлетэні, зноў гэтыя бюлетэні не дэманстраваліся, зноў перакладваліся стосы аднаго кандыдата за другога, і назіральнік не мог аб’ектыўна ацаніць сітуацыю і бачыць, за каго вядзецца падлік галасоў.

Прадстаўнікі БНФ ў Гародні збіраюць скаргі сваіх назіральнікаў і ў бліжэйшы час Вадзім Саранчукоў збіраецца падаць выніковую скаргу аб непрызнанні вынікаў выбараў на тэрыторыі 51 Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі.

Беларускае Радыё Рацыя