Дзярждэп ЗША наракае на выбары ў Беларусі



Дзярждэпартамент ЗША вітаў „шэраг паляпшэнняў” падчас парламенцкіх выбараў у Беларусі, але панаракаў на „сур’ёзныя праблемы” ў выбарчым заканадаўстве.

Дзярждэп ЗША

У заяве, апублікаванай у панядзелак на сайце амерыканскага дыпламатычнага ведамства, Дзярждэпартамент ЗША вітаў мірны характар праведзеных 11 верасня ў Беларусі парламенцкіх выбараў. Прызнаецца шэраг паляпшэнняў падчас выбарчага працэсу і той факт, што ўпершыню за апошнія 12 гадоў у парламенце краіны будуць прадстаўлены альтэрнатыўныя галасы. У Дзярждэпартаменце таксама адзначылі гатоўнасць беларускіх уладаў зарэгістраваць большую колькасць апазіцыйных кандыдатаў, чым на папярэдніх выбарах.

У той жа час, гаворыцца ў заяве, Беларусь не здолела ў поўнай меры выканаць свае абавязацельствы наконт свабодных і справядлівых выбараў, выкладзеныя ў сумеснай заяве назіральных місій БДІПЧ, Парламенцкай Асамблеі АБСЕ і Рады Еўропы.

„Па-ранейшаму адзначаюцца такія сур’ёзныя праблемы, як адсутнасць празрыстасці пры падліку галасоў; неплюралістычны склад выбарчых камісій; наяўнасць медыйнага асяроддзя, якое не дазваляе выбаршчыкам рабіць інфармаваны выбар; а таксама адсутнасць рэформаў у абмежавальным беларускім выбарчым заканадаўстве”, гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамента.

У ведамстве зноў заклікалі Беларусь правесці сур’ёзную рэформу заканадаўства, якое рэгулюе выбары, і нагадалі, што ўзмацненне дэмакратыі будзе садзейнічаць умацаванню суверэнітэту Беларусі і адкрые шлях да паляпшэння адносін са Злучанымі Штатамі.

У гэты ж дзень каля будынка беларускага пасольства ў Вашынгтоне прайшоў пікет пад лозунгам „Скажы „не” безальтэрнатыўным выбарам у Беларусі”. Ён быў арганізаваны „Беларуска-Амерыканскiм Задзiночаннем” (БАЗА) пры ўдзеле расійскіх праваабаронцаў з арганізацыі Magnitsky Act Initiative.

Як заявіў карэспандэнту БелаПАН старшыня Вашынгтонскага аддзялення БАЗА Вячаслаў Бортнік, парламенцкія выбары ў Беларусі нельга прызнаць законнымі і справядлівымі, паколькі мелі месца шматлікія парушэнні і падчас выбарчай кампаніі, і падчас датэрміновага галасавання, і ў дзень выбараў. Удзельнікі пікета звярнуліся да амерыканскага ўрада з патрабаваннем не прызнаваць вынікі выбараў і працягнуць націск на беларускія ўлады з мэтай правядзення дэмакратызацыі і вызвалення палітвязняў, якія, на думку актывістаў, па-ранейшаму знаходзяцца ў беларускіх турмах.

belapan.by