На Гомельшчыне Ice Bucket Challenge набывае папулярнасць



Усё часцей вядомыя беларусы ўдзельнічаюць у модным інтэрнэт-флэшмобе Ice Bucket Challenge. Палітыкі, блогеры, музыкі і грамадскія актывісты кідаюць выклікі адзін адному. Тыя, хто прыняў выклік, павінны цягам 24 гадзінаў абліцца ледзяной вадой, зняць працэс на відэа, пералічыць грошы на дабрачыннасць і перадаць эстафету наступным удзельнікам. Каардынатар кампаніі „Новы Гомель” Галіна Краўчанка лічыць гэты флэшмоб сацыяльна карысным.

– Мне гэта ідэя спадабалася. У прынцыпе, ужо добра, калі чалавек проста зойдзе на старонку, прачытае пра захворванне, пра тое, што патрэбныя грошы на яго дыягностыку, на распрацоўку новых лекаў. Чалавек хоць 5 хвілін падумае, што ёсць людзі, якім патрэбная дапамога. Я аблілася вадой, ахвяравала грошы і кінула выклік тром прадстаўнікам грамадскай супольнасці – Вячаславу Бортніку, Яраславу Бекішу і Ігару Случаку. На жаль, не бачыла асабіста, ці перанялі яны эстафету.  

Заснавальнік папулярнага на Гомельшчыне інфармацыйнага партала „Моцныя навіны” Пятро Кузняцоў кінуў выклік высокапастаўленаму чыноўніку, дырэктару футбольнага клуба і зорцы Байнэта.

Мы былі ўпэўненыя на 100 адсоткаў, што ў акцыі Ice Bucket Challenge паўдзельнічае дырэктар „ФК „Гомель” Яўген Пабалавец, але ён гэтага не выканаў. Мы не верылі, але дапускалі цуд, што выклік прыме кіраўнік Адміністрацыі Савецкага раёна Алег Вялічка, але гэтага не здарылася. І мы ўвогуле не думалі, што ледзяной вадой будзе аблівацца зорка Байнэта Ксюша Дзягелька, пра якую ўвогуле нічога не чулі пасля яе хіта „Я з вёскі”. Але яна прыняла выклік і паўдзельнічала ў флэшмобе Ice Bucket Challenge – яна зрабіла гэта вельмі пазітыўна, прыгожа, крэатыўна. І ролік яе быў таксама пазітыўны. А эстафета праз яе пайшла далей.

Дабрачынная акцыя Ice Bucket Challenge распачалася ў ліпені ў ЗША. Удзельнікі флэшмобу выдаткоўвалі сабраныя сродкі на лячэнне і дыягнаставанне рэдкіх захворванняў. Сярод знакамітасцяў, якія пагадзіліся на абліванне вадой дзеля дабрачынных мэтаў, былы прэзідэнт ЗША Джордж Буш, заснавальнік Facebook Марк Цукерберг, былы кіраўнік Microsoft Біл Гейтс.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель