Ці дадуць пасля выбараў крэдыт МВФ?



Эканаміст Леў Марголін распавёў, якім чынам вынікі парламенцкіх выбараў у Беларусі паўплываюць на атрыманне крэдыту Міжнароднага валютнага фонду.

Па словах першага намесніка кіраўніка Нацбанка Тараса Надольнага, у бліжэйшы час Беларусь наведае місія МВФ.

Леў Марголін: З аднаго боку Захад гэтых выбараў не прызнаў, але ў той жа час убачыў нейкі рух наперад у дзеяннях беларускіх уладаў. І мы, у Аб’яднанай грамадзянскай партыі, адчулі гэта па тым шквале тэлефанаванняў, што здарыўся пасля таго, як сябра нашай партыі Ганна Канапацкая стала дэпутатам. Усе міжнароднікі проста ў захапленні: прадстаўнікі апазіцыі ўпершыню за апошнія 12 гадоў патрапілі ў парламент! Таму, калі крэдыт МВФ Беларусі будзе дадзены, то гэта будзе цалкам палітычнае рашэнне, але не эканамічнае.

РР: Але ж найперш МВФ выстаўляе эканамічныя патрабаванні…

Леў Марголін: Безумоўна, у Міжнародным валютным фондзе таксама не прастакі сядзяць. І, калі прымуць рашэнне па крэдыту, то пазыка будзе раздзелена на траншы. Мяркую, больш за 300-500 мільёнаў даляраў адначасова Беларусь не атрымае. Бо выбары выбарамі, але нешта трэба рабіць і ў эканоміцы, у якой нічога не робіцца, акрамя таго, што Нацбанк збалансаваў крэдытна-грашовую палітыку. І нават галоўнае патрабаванне МВФ, якое тычылася дзяржаўных прадпрыемстваў (калі не можаце прыватызаваць, то зрабіце хаця б цэнтралізаванае кіраванне), не выканана. МВФ усё гэта цудоўна разумее і будзе ўлічваць пры прыняцці рашэння.  

РР: Калі прымуць рашэнне па крэдыту, то калі гэта можа здарыцца?

Леў Марголін: Магчыма, нешта стане вядома на працягу 2-3 месяцаў. Але ўсё ж гэта будзе нейкі аванс, за які ад беларускага ўрада таксама запатрабуюць рэальных эканамічных крокаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя