Ва Узброеных сілах Беларусі пачаліся буйныя камандна-штабныя вучэнні



14 верасня пачаліся буйныя камандна-штабныя вучэнні Узброеных сіл Беларусі пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба ВС — першага намесніка міністра абароны Беларусі генерал-маёра Алега Белаконева.

Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, тэма вучэнняў: «Кіраванне групоўкай Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў падчас спецыяльнай аперацыі па стабілізацыі становішча ў асобных крызісных раёнах дзяржавы».

Галоўная іх мэта — навучыць органы кіравання ВС, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў узгодненаму кіраванню вылучанымі сіламі і сродкамі пры выкананні задач па прызначэнні.

Падчас вучэнняў прадугледжаная практычная адпрацоўка шырокага спектра пытанняў. Асноўнымі з іх з’яўляюцца высоўванне воінскіх часцей і падраздзяленняў у прызначаныя раёны, стварэнне аб’яднанага органа кіравання ў інтарэсах кіравання створанай групоўкай войскаў, арганізацыя ўзаемадзеяння сіл, падпарадкаваных розным ведамствам, у раёнах выканання задач, адбіванне нападаў незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп патэнцыяльнага праціўніка, іх пошук, блакаванне, прымушэнне да здачы або знішчэнне.

Вучэнні праводзяцца ў два этапы. На першым асноўныя намаганні засяроджваюцца на кіраванні падчас стварэння групоўкі Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў у інтарэсах правядзення спецыяльнай аперацыі. На другім этапе плануецца рэалізаваць на практыцы кіраванне створанай групоўкай падчас вырашэння задач спецыяльнай аперацыі.

Упершыню ўдзельнікі камандна-штабных вучэнняў будуць выконваць пастаўленыя перад імі задачы практычна на ўсіх палігонах Узброеных сіл: Лосвіда, Гожскі, Лепельскі, Асіповіцкі, Барысаўскі, Абуз-Лясноўскі, Даманаўскі, а таксама на тэрыторыі Полацкага раёна Віцебскай вобласці, Горацкага раёна Магілёўскай вобласці і ў пунктах пастаяннай дыслакацыі.

Да ўдзелу ў камандна-штабных вучэннях прыцягваюцца органы кіравання, воінскія часці і падраздзяленні Узброеных сіл, аператыўныя групы і падраздзяленні міністэрстваў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, а таксама аператыўныя групы Камітэта дзяржаўнай бяспекі і Следчага камітэта — усяго да 7.500 чалавек, да 60 танкаў, да 220 баявых браняваных машын і да 50 артылерыйскіх гармат, мінамётаў і РСЗА. У інтарэсах рашэння задач вучэння з запасу прызваныя прыблізна 450 ваеннаабавязаных.

БелаПАН

Фота: bobrlife.by