Зміцер Шыманскі: 70 скаргаў – з адной выбарчай акругі



Каля сямідзесяці скаргаў у некалькі інстанцый падалі прадстаўнікі кампаніі „Права выбару”па Берасцейскай-Усходняй выбарчай акрузе. Усе яны датычацца парушэння выбарчага заканадаўства. Назіральнікі фіксавалі забарону на фатаграфаванне ды непрадастаўленне інфармацыі сябрамі камісій. Таксама ў начны час на некаторых участках памяшканне, дзе захоўвалася скрыня для галасавання, не апячатвалася, – распавядае каардынатар кампаніі „Права выбару” па Берасцейскай вобласці Зміцер Шыманскі:

– Ключ ад гэтага памяшкання быў у міліцыянта, які знаходзіўся побач з гэтым памяшканнем. І фактычна такім чынам старшыні камісій масава стваралі ўмовы для пранікнення старонніх асобаў на тэрыторыю ўчасткаў, у тое памяшканне, дзе захоўваецца скрыня. Бо міліцыянт, фактычна старонняя асоба, бо ён не з’яўляецца сябрам камісіі. Ён проста сочыць за парадкам. І чаму ў яго павінен быць ключ – нам гэта не зразумела.

Як адзначае Зміцер Шыманскі, на ўсіх участках на трэцяй выбарчай акрузе былі пададзеныя скаргі на непразрысты падлік галасоў.

Беларускае Радыё Рацыя