ЗША чакаюць ад Беларусі большага ў пытаннях дэмакратыі
Калі Беларусь пачне дзеянні, якія супярэчаць яе міжнародным абавязацельствам, ЗША „праявяць гнуткасць” у пытанні пашырэння санкцый альбо адмены іх палягчэння, заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента Марк Тонер на брыфінгу 14 верасня.
Паводле яго слоў, Злучаныя Штаты працягваюць ацэньваць сітуацыю „дзень за днём, тыдзень за тыднем”. Мінулыя парламенцкія выбары можна разглядаць як выкананне некаторых абяцанняў, але ЗША чакаюць большага, сказаў Тонер. Ён падкрэсліў, што ўведзеныя ў 2006 годзе санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Менска прывязаныя да пытанняў дэмакратыі і правоў чалавека.
Як адзначыў Тонер, ЗША пашырылі ўзаемадзеянне з Беларуссю па цэлым шэрагу пытанняў, але вяртанне ў Менск пасла ў парадку дня пакуль не стаіць.
Раней Дзярждэп у спецыяльнай заяве вітаў „шэраг паляпшэнняў” падчас парламенцкіх выбараў у Беларусі, але панаракаў на „сур’ёзныя праблемы” ў выбарчым заканадаўстве.
Прызнаецца шэраг паляпшэнняў падчас выбарчага працэсу і той факт, што ўпершыню за апошнія 12 гадоў у парламенце краіны будуць прадстаўлены альтэрнатыўныя галасы. У Дзярждэпартаменце таксама адзначылі гатоўнасць беларускіх уладаў зарэгістраваць большую колькасць апазіцыйных кандыдатаў, чым на папярэдніх выбарах.
У той жа час, гаворыцца ў заяве, Беларусь не здолела ў поўнай меры выканаць свае абавязацельствы наконт свабодных і справядлівых выбараў, выкладзеныя ў сумеснай заяве назіральных місій БДІПЧ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Рады Еўропы.
„Па-ранейшаму адзначаюцца такія сур’ёзныя праблемы, як адсутнасць празрыстасці пры падліку галасоў; неплюралістычны склад выбарчых камісій; наяўнасць медыйнага асяроддзя, якое не дазваляе выбаршчыкам рабіць інфармаваны выбар; а таксама адсутнасць рэформаў у абмежавальным беларускім выбарчым заканадаўстве”, — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамента.