Алесь Бяляцкі: Не трэба паддавацца ілюзіям
Кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі распавёў пра тое, ці можа змяніцца палітыка прыхаваных рэпрэсій пасля выбараў.
Алесь Бяляцкі: Мы павінны быць вельмі пільнымі. Гэта датычыцца і беларускіх праваабаронцаў, і ўвогуле грамадства. Не трэба паддавацца аптымістычным ілюзіям, што гэтыя выбары нейкім чынам якасна змянілі сітуацыю ў Беларусі. Насамрэч ўсё застаецца так як і было. Сітуацыя варожасці да беларускага дэмакратычнага грамадства з боку ўладаў застаецца і ў любы момант пры неспрыяльных абставінах можа выбухнуць чарговым роўнем рэпрэсій. Але ў той жа час гэта не павінна стрымліваць актыўнасць беларускіх грамадзян, бо, калі мы хочам зменаў, то павінны паступова і няўхільна дабівацца іх. Трэба працаваць і ўдзельнічаць у грамадскім жыцці любымі мірнымі сродкамі.
РР: Але грамадства знаходзіцца ў стане палітычнай пасіўнасці. Ці не так?
Алесь Бяляцкі: На жаль, гэта так. Апошнія некалькі гадоў мы заўважаем, што актыўнасці няма, але будзем спадзявацца, што ўсё ж людзі (у першую чаргу – моладзь) будуць больш думаць пра сваю будучыню і будучыню сваёй краіны.
РР: Сёння ў парламент прайшлі дзве прадстаўніцы з дэмакратычнага лагеру. Шмат можна казаць пра такое «прызначэнне», але, як кажуць, хоць нешта…
Алесь Бяляцкі: Асабіста я ў свой час і сышоў з палітыкі таму, што вельмі часта палітыка пераўтвараецца ў пэўны палітычны гандаль. Даволі няўтульна пачуваюся ў такіх сітуацыях і лічу, што праваабарона дае магчымасці мець больш ясныя пазіцыі, чым палітычныя гульні. А тут мы і бачым такія.
РР: Як увогуле вы ацэньваеце сённяшнюю сітуацыю ў краіне пасля выбараў?
Алесь Бяляцкі: Я б не сказаў, што яна моцна палепшылася. Усе ранейшыя небяспекі – яны застаюцца і сёння. Усё можа змяніцца ў адну хвіліну. Таму хацелася б, каб дэмакратычныя колы Беларусі навязвалі ўладам свае ўмовы для палітычнай гульні, для палітычнага працэсу ў Беларусі. І каб гэты працэс адбываўся па больш зразумелых схемах, бо ў адваротным выпадку палітыка пераўтвараецца ў палітыканства. Калі пачынаецца гандаль, то дэмакратыя адыходзіць на задні план. Суадносна няма веры і да таго палітычнага працэсу, што ідзе ў краіне. А людзі павінны давяраць так званым дэпутатам. Яны павінны ведаць, што яны сапраўды абраны, а не прызначаны і не з’явіліся ў выніку нейкіх дамоўленасцей. Гэта робіць грамадства больш устойлівым. А палітычныя інтрыгі нічога не даюць. Ні для развіцця палітычнай сферы, ні для развіцця дэмакратыі ў грамадстве. Таму, паўтаруся, усе небяспекі застаюцца. Адзінае, што можа змяніць сітуацыю, гэта актыўнасць саміх беларусаў. Мы самі павінны дабівацца правоў і свабодаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя