“Патаемная гісторыя ўкраінскага кіно” ў Менску



Зразумець Украіну – для гэтага не абавязкова пачуць пра Данбас, ці з’ездзіць у Львоў. Дастаткова наведаць кінапаказы “Патаемная гісторыя ўкраінскага кіно” ў Менску. Гэтым разам у кніжным доме “ЛогвінаЎ” прайшла дэманстрацыя культавага ўкраінскага фільма Аляксандра Даўжэнкі “Зямля”.

Расказвае вядучы імпрэзы кінакрытык Максім Жбанкоў.

– Праблема Даўжэнкі ў тым, што гэта няправільны аўтар, які рабіў няправільныя стужкі. Гэта быў аўтар, які ўсё жыццё лічыў сябе камуністам, але так і не здолеў аднавіць страчаны партыйны білет. Які шчыра любіў сваю краіну, быў нацыяналістам, але ўсё жыццё мусіў падпарадкоўвацца камуністычнай партыі. Гэта быў патаемны дысыдэнт, які скончыў, нягледзячы на лаўрэацтва дзвух Сталінскіх і адной Ленінскай прэміяў, жыццё ў галечы. Вось такая няпростая фігура, і кіно таксама няпростае.

Кінастужка Аляксандра Даўжэнкі “Зямля”, была знятая ў 1930-м годзе. Паводле рашэння ЮНЕСКО яна ўнесеная ў лік ста лепшых фільмаў усіх часоў і народаў.

У гэтым ганаровым спісе ёсць толькі адна беларуская стужка рэжысёра Віктара Турава “Праз могілкі”.

Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя.